У Беларусі адзначаюць Дзень усенароднай памяці ахвяраў Вялікай Айчыннай вайны

22 июня 2018

Самая кровапралітная ў гісторыі - яна пачалася роўна 77 гадоў назад. Досвіткам Брэсцкая крэпасць першай прыняла на сябе ўдар праціўніка. Фашысцкая Германія ўварвалася ў Савецкі Саюз. Але гарнізон, у найцяжкіх умовах, без вады і з недахопам боепрыпасаў, стойка трымаў абарону.

Гэты подзвіг забыць немагчыма. Раніцу 22 чэрвеня ў мемарыяльным комплексе сустракаюць па-асабліваму - трапятліва. Падрабязней - Вікторыя Патоня.

У гэтую журботную дату ў мемарыяльным комплексе - асаблівая атмасфера. Брэсцкая крэпасць застаецца адным з галоўных сімвалаў мужнасці і стойкасці. Бо праціўнік планаваў захапіць яе за 8 гадзін. Але абаронцы, ваюючы ў няроўным баі, пратрымаліся месяц. Менавіта сюды, досвіткам 22 чэрвеня і прыходзяць тысячы людзей, каб запаліць сваю свечку памяці.

Самы доўгі дзень у годзе тут заўсёды пачынаецца з жалобнай цырымоніі. А палове чацвёртай раніцы, ля Вечнага агню. Хроніка падзей першых дзён вайны - на экранах і ў лазерным шоу. Здаецца, што дым ізноў ахутвае цытадэль.

У памяць аб загінуўшых воінах пагранічнікі на воды Буга спусцілі вянкі. Кветкі і свечкі ляглі да пліт некропаля, дзе яшчэ шмат невядомых прозвішчаў. У хвіліну маўчання тысячы людзей схілілі галовы. У журботную дату ўспомніць тых, хто "паміраў, але не здаўся", у Брэст прыехалі шматлікія дэлегацыі. Санкт-Пецярбург, Масква, Ніжні Ноўгарад, Кіеў… Быць у гэтую раніцу тут для шматлікіх - святы абавязак.

У пяць раніцы на Кобрынскім умацаванні зноў дрыжала зямля, раздаваліся стрэлы і выбухі. Перадаць атмасферу трагічнага супраціўлення ў першыя дні вайны пастараліся рэканструктары. Энтузіясты з 11 краін узнавілі ключавыя эпізоды абароны цытадэлі, заснаваныя на ўспамінах сведак і ветэранаў. Сярод іх - напад на мяжы, узяцце ў палон мясцовых жыхароў, атака Мацівасяна, апошні бой маёра Пятра Гаўрылава.

Сёлета ў рэканструкцыю дадалі эпізодаў. На поле бою выйшлі звыш 500 чалавек, задзейнічалі піратэхніку, матацыклы, бронеаўтамабілі і нават грузавік на дровах.

Добра, што гэтая вайна "панарошку". І не дзеля забавы, а каб памяталі: якой цаной дасталося мірнае неба над намі.