У Беларусі адзначаюць Дзень пажылога чалавека

1 октября 2019

Сёння  ў свеце адзначаюць Дзень пажылых людзей. Залаты ўзрост  не час маркоты, а пара для творчасці і перадачы вопыту маладому пакаленню. Так гавораць беларускія пенсіянеры. Вольга Маслоўская пабывала на майстар-класах і ўпэўнілася - творчыя людзі маладыя ў любым узросце!

Абярэг ад злых духаў і сімвал дабрабыту. Саламяны павук  не проста ўпрыгажэнне інтэр'еру. У Дубровенскім раёне іх выраблялі да Вялікадня. Вісеў павук год, ловячы ў павуціну нягоды. Гісторыю саламяных інсталяцый майстар Зоя Сімуціна ведае дасканала. Не адзін месяц правяла ў экспедыцыях па далёкіх вёсках, каб асвоіць і адрадзіць традыцыю пляцення велікодных павукоў. 

Майстру 66, але саломку яна па-ранейшаму нарыхтоўвае сама - не менш як  35 снапоў на год. У працу бярэ толькі сцеблы зімавога жыта - яны самыя доўгія, адбельвае, вымочвае, пляце, а яшчэ іншых вучыць - майстар-класы па саломапляценні вельмі любяць школьнікі. 

І з гэтым не паспрачаешся. Ганне Асіпковай за 80. Больш як паўстагоддзя займаецца няпростым мужчынскім рамяством - драўлянай скульптурай. Аб таленавітай разьбярцы з глыбінкі ведаюць нават за акіянам. 

Скульптуры майстра выстаўляліся на ВДНГ у Маскве, упрыгожвалі экспазіцыйныя залы ў Францыі, Канадзе, Балівіі, але самая вялікая калекцыя прац захоўваецца на малой радзіме. 

Яны - залаты фонд Чашніцкага гістарычнага музея. Не праходзіць і года, каб хтосьці з замежных гасцей не папрасіў прадаць шэдэўр. Дзіўна, але майстар ніколі не рабіла эскізы прац, нават за двух-, трохметровыя скульптуры бралася сходу. Тлумачыць - усе выявы родам з яе дзяцінства. 

Ганна Асіпкова сустракаецца з дзецьмі, адкрывае выставы. Праўда, стамеску і кіянку ў рукі бярэ ўсё радзей - сіла ўжо не тая. Але творчасць з жыцця не знікла: у раёне яе ведаюць не толькі як адну з нямногіх у краіне жанчын-разьбяроў па дрэве, але і як таленавітага афарміцеля. Яркія і добрыя вобразы на сценах у мясцовых школах і садах - справа яе працавітых рук.