У Беларусі адкрыты пяцідзённы бязвізавы рэжым для грамадзян 80 краін

13 февраля 2017

Каля 60 чалавек прыляцелі ў Нацыянальны аэрапорт Мінск напярэдадні. Першым турыстам, які прайшоў праз пагранічны кантроль без візы, стаў фін, што ляцеў рэйсам са Славакіі. Адбылося гэта ў нядзелю ў нуль гадзін адну хвіліну, адразу пасля ўступлення ў сілу ўказу Прэзідэнта.

Міхаіл Партной, намеснік міністра спорту і турызму Беларусі: "У Беларусі будзе вялікі прыток турыстаў, калі кожны з нас зразумее, што трэба стварыць індустрыю гасціннасці, пачынаючы з першага чалавека, якога ён бачыць, - пагранічніка. Далей транспарт, лагістыка, харчаванне, пражыванне, сфера паслуг. У гэтым плане таксама праводзіцца сур'ёзная праца, і мы ўпэўненыя ў поспеху".

Міністэрства спорту і турызму прагназуе пасля ўвядзення бязвізавага рэжыму павелічэнне патоку турыстаў на 20%. Сваю поўную падтрымку рашэння Беларусі выказала Сусветная турысцкая арганізацыя.