У Беларусі адкрылася першая энергаэфектыўная школа

14 ноября 2016

Сонечныя калектары, утылізатары цеплыні, двухкамерныя шклопакеты і энергазберагальныя лямпы дазволяць скараціць спажыванне энергіі ў 2 разы. Усё гэта - частка маштабнага зялёнага праекта ЕС і ПРААН. Школа ў Дзяржынску - ужо трэці такі аб'ект у нашай краіне.

Людміла Лукша, дырэктар ужо энергаэфектыўнай школы, праводзіць экскурсію для тых, хто дапамог увасобіць у жыццё даўнюю мару. Нягледзячы на надвор'е, зараз у старым будынку цёпла - для гэтага ўсталяваныя ўтылізатары паветра, уцепленыя сцены і двухкамерныя шклопакеты. А галоўнае - усе матэрыялы экалагічна чыстыя.

Людміла Лукша, дырэктар CШ № 4 г. Дзяржынска: "Мы хочам гэта ўсё разлічыць, і, я думаю, што першы квартал будучага года пакажа свае вынікі. Пакуль мы толькі робім першыя крокі. У нас працуе камітэт, які здымае ўсе паказанні. Вучні 10 "А" і 10 "Б" класа глядзяць, што тэрмометр паказаў на вуліцы, што ў памяшканні, колькі расходуецца гады гарачай, колькі халоднай".

Мадэрнізацыя пачалася ў сакавіку, ужо ў маі вучням было зразумела, як энергазберажэнне можа станоўча ўплываць на самыя паўсядзённыя з'явы. На практыцы і, вядома, у тэорыі зараз у новай школе нароўні з астатнімі ўрокамі праходзяць экалагічныя семінары і трэнінгі ад замежных спецыялістаў, у тым ліку ад прадстаўнікоў ПРААН.

Ігар Чульба, каардынатар праектаў ПРААН у Беларусі: "Мы паспрабавалі ўкараніць нейкія новыя мерапрыемствы па энергаэфектыўнасці, якія б дазволілі значна сэканоміць энергарэсурсы, сэканоміць грашовыя рэсурсы, а таксама скараціць выкіды парніковых газаў. І самае важнае - гэта тое, што дзецям стала больш камфортна, больш здаровая атмасфера - цёпла, утульна".

Дарэчы, новыя тэхналогіі можна ўбачыць не толькі ў вучэбных кабінетах.

За лета тут поўнасцю змянілася кухня. Галоўнае набыццё -індукцыйныя пліты, якія награваюцца літаральна за некалькі секунд і аўтаматычна выключаюцца, як толькі з іх здымаюць каструлі. Тут жа незвычайная печ. У ёй можна гатаваць да 600 розных страў. У комплексе новае кухоннае абсталяванне затрачвае на 30% менш энергіі.

Школа ў Дзяржынску стала трэцяй прыступкай зялёнага праекта. У Гродне і ў Ашмянах ужо працуюць два дзіцячыя садкі з аналагічнымі тэхналогіямі. Зусім хутка ў Беларусі адкрыецца першы энергаэфектыўны каледж. Кіраўнікі праекта не выключаюць, што аднойчы ратаваць планету будуць вучыць ва ўсіх беларускіх школах.