У Беларусі асновы вядзення сельскай гаспадаркі вывучаюць у профільных аграрных класах

20 января 2020
Профільныя аграрныя класы як дапамога ў выбары будучай прафесіі. У Беларусі асновы вядзення сельскай гаспадаркі ўжо вывучаюць каля дзвюх з паловай тысяч старшакласнікаў. Для новага курсу распрацаваныя спецыяльныя метадычныя праграмы. Да навучання школьнікаў далучыліся і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Падрабязнасці ў рэпартажы Юрыя Карняловіча.

Тэорыю аграрнай навукі ўжылі на практыцы

Дзе захоўваць збожжа, як вызначыць якасць малака і для чаго трактарысту вышэйшая адукацыя. Адказы на ўсе гэтыя пытанні непасрэдна ад прафесіяналаў змаглі атрымаць вучні першага ў Гродне агракласа. Назапашаныя  на працягу паўгода тэарэтычныя веды школьнікі ўпершыню ўжылі на практыцы. Аб усіх нюансах будучай прафесіі вучням распавялі спецыялісты лепшай гаспадаркі рэгіёна.

Агракласы папулярныя сярод гарадскіх школьнікаў

У паспяховасць праекта па стварэнні агракласа ў абласным цэнтры мала хто верыў. Але настаўнікі 28-й школы Гродна вырашыліся на эксперымент. Першы ж набор сярод вучняў 10-х класаў развеяў усе сумненні.  
Для 10-класніка Георгія Карасёва пытанне аб выбары будучай прафесіі было даўно вырашаным. У вёсцы ў бабулі вялікая гаспадарка, і хлопец з задавальненнем дапамагаў даглядаць жывёлу. Адным з першых запісаўся і ў аграклас, а пасля наведвання СВК толькі пераканаўся ў правільнасці свайго рашэння.

Першыя агракласы ў Беларусі з'явіліся яшчэ ў 2018 годзе

Сёння такіх ужо 400, і займаюцца ў іх каля дзвюх з паловай тысяч школьнікаў. Каб працэс навучання праходзіў максімальна эфектыўна, спецыялістамі распрацаваныя нават адмысловыя метадычныя праграмы.
Да навучання будучых спецыялістаў падлучыліся і сельгаспрадпрыемствы. Сваю матэрыяльна-тэхнічную базу аграрыі далі для практычных заняткаў.
Тое, што сельская гаспадарка - высокатэхналагічная галіна, сёння навочна прадэманстравалі вучням аграрных класаў. Да прыкладу, за ўсімі працэсамі ў гэтым трактары сочыць бартавы камп'ютар, і каб правільна ўзараць або пасеяць, навыкаў кіравання мала. Неабходна разбірацца яшчэ і ў сучасных тэхналогіях.

Выпускнікі агракласаў атрымаюць ільготы пры паступленні ў профільныя ВНУ

Галоўная ідэя агракласаў - матывацыя ўсвядомленага выбару будучай прафесіі ў школьнікаў. Дзяцей, якія пазнаёміліся з асновамі аграрных спецыяльнасцяў, ужо чакаюць у профільных ВНУ краіны.  А для абітурыентаў з мэтавымі накіраваннямі, сярэдні бал у якіх не ніжэйшы за 7, уступныя экзамены наогул плануюць замяніць на сумоўе.