У Беларусі абнаўляюць правілы выдачы крэдытаў

6 апреля 2018

З 1 мая Нацбанк абавяжа камерцыйныя фінустановы асабліва дэталёва ацэньваць даходы сваіх кліентаў. Зараз пазычальніку дадуць у доўг толькі тады, калі выплаты банку не перавысяць 40 % ад сумы даходу. Пільную ўвагу на рынак крэдытавання рэгулятар звярнуў пасля рэзкага росту попыту на спажывецкія пазыкі. Каб папярэдзіць магчымыя рызыкі для фінансавага рынку краіны, Нацбанк вырашае астудзіць запал пазычальнікаў і прывязаць даўгі да зарплат. Усе падрабязнасці ў Вольгі Анішчанкі.

Нацыянальны банк штомесяц абнаўляе статыстыку: даўгі перад банкамі ў беларусаў растуць. Да сакавіка грамадзяне пазычылі звыш 9 мільярдаў рублёў. Яшчэ год таму не было і 2. Зрэшты, лічбы здзіўлення не выклікаюць: крэдыты апошнім часам сталі больш даступнымі. Людзі, зразумела, не сталі збіраць на буйныя пакупкі, а масава пайшлі ў банкі, аддаючы перавагу нядорага пазычыць, каб атрымаць свой тавар ужо сёння.

Бум крэдытавання фіксуюць з мінулага года. Як толькі рэгулятар зніжае стаўку рэфінансавання (а летась яна падала 8 разоў), паўзуць уніз і крэдытныя стаўкі.

На фоне даступнасці жыцця ў крэдыт банкі, вядома, становяцца больш актыўнымі і максімальна спрашчаюць умовы выдачы пазыкі: адмяняюць даведкі аб даходах, дазваляюць браць у доўг анлайн, а добраму кліенту нават дастаўляюць крэдытку поштай. Але заяўляюць: гэта зусім не хітрасці для дылетантаў.

Андрэй Жышкевіч, старшыня праўлення камерцыйнага банка:

"Гэта хутчэй не сведчанне ліберальнага падыходу да ацэнкі крэдытнай рызыкі, а наадварот спробы ў канкурэнтнай барацьбе лепшую якасць сэрвісу даць кліенту".

Кіраўнік аднаго з банкаў - лідараў крэдытавання ўпэўнены: кантроль за плацежаздольнасцю беларусаў тым самым зусім не саслаб. Ды і новыя правілы адсеюць нямногіх. Толькі зменшаць апетыты. Таму, хто плаціць па даўгах не здольны, і раней бы адмовілі. Сёння гэта кожны другі кліент. Але так, беларусы апошні год пазычаюць шмат. Але калі параўнаць з Еўропай...

Андрэй Жышкевіч, старшыня праўлення камерцыйнага банка:

"Бум спажывецкага крэдытавання такім з'яўляецца толькі ў супастаўленні з намі гадавой даўнасці. А ў цэлым у параўнанні з еўрапейскім стандартным узроўнем закрэдытаванасці ў нас насельніцтва яшчэ ў вельмі камфортнай зоне знаходзіцца".

На хвалі павышанай цікавасці да пазык Нацыянальны банк напярэдадні вырашае ўмяшацца. Усплёск актыўнасці ўсё ж тоіць хваляванні на фінансавым рынку, гавораць эксперты. Жорсткая манетарная палітыка ў мінулым годзе ўмацавала рубель і ўтрымала інфляцыю. Калі ўзяць крэдыты пад кантроль - гэта стане дадатковым гарантам устойлівасці рынку.

І вось сёння рэгулятар аб'яўляе: усе крэдыты прывяжуць да даходаў. У краіне з'явяцца паказчыкі пазыковай нагрузкі.

Так, кліенту пазычаць, толькі калі выплаты банку не перавысяць 40 % ад сумы яго сярэднямесячнага даходу. Якія даходы пры гэтым возьмуць у разлік? Рэгулятар тлумачыць: магчымы ўлік не толькі зарплаты. Але гэта, як гаворыцца, на меркаванне банка.

Аднак пазыка 40 % ад сумы прыбытку - гэта толькі арыенцір для спажывецкіх крэдытаў. Для будаўніцтва або куплі жылля падыход асаблівы. Патэнцыяльны доўг прывяжуць да кошту нерухомасці, напрыклад, кватэры, якую банк бярэ ў заклад у якасці забеспячэння.

Зрэшты, даць кліенту звыш гэтай нормы магчыма. Галоўнае, каб доля такіх крэдытаў у агульным партфелі банка не перавышала 10 %. І ў гэтым рэгулятар лаяльны. У астатнім жа новыя правілы не рэкамендацыя, а абавязак банкаў адсочваць даходы сваіх кліентаў. Больш пільна паглядзець на зарплаты фінансавым установам трэба ўжо з 1 мая.