У Беларусі абноўлены Працоўны кодэкс

23 Ліпеня 2019
Закон сёння  падпісаў Прэзідэнт. Акцэнт у дакуменце - на пашырэнні гарантый працаўнікоў і садзейнічанні гібкай занятасці. Упершыню кодэкс будзе рэгуляваць  дыстанцыйныя працоўныя адносіны. Зялёнае святло - працы па сумяшчальніцтве на час працоўнага водпуску. А таксама водпуск для татаў, праца на аддаленцы і кантакт адразу на некалькі гадоў. Працоўны кодэкс - дакумент важкі. Улічвае рэаліі рынку працы і запыты ад наймальнікаў і працаўнікоў. Папярэдні раз пераафармлялі працоўныя адносіны 5 гадоў назад. Гэтым разам праўкі ў больш чым 200 артыкулаў, з'явілася і 13  новых, як і 2 раздзелы. Працаваць па-новаму будзем ужо з наступнага года. Спецыялісты называюць  новыя падыходы больш гібкімі  для наймальнікаў і працаўнікоў. Аб галоўных зменах - наш карэспандэнт Святлана Лук’янюк.

Увосень мінулага года ва Уладзіміра нарадзілася дачка. Каб дапамагчы жонцы  з маленькім дзіцем,  узяў водпуск. Але яму пашанцавала, кіраўніцтва пайшло  насустрач.

Зараз угаворваць і выпрошваць водпуск не трэба. Паводле  новых правілаў, таты два  тыдні могуць дапамагаць мамам. Водпуск ім гарантаваны на працягу паўгода пасля нараджэння дзіцяці. Больш важкую падтрымку можна прапісаць з кіраўніцтвам і прафсаюзамі ў калектыўным дагаворы. 

Аднагадовыя кантракты з гэтага часу толькі пры першым заключэнні. А пасля ўсё залежыць ад жадання і магчымасцяў. Калі няма спагнанняў і парушэнняў - дырэктар павінен прапанаваць падпісаць і на некалькі гадоў.

Пра тое, што ўмовы працы змяніліся, як і працягласць рабочага дня, кіраўніцтва будзе паведамляць за месяц, зараз можна было за тыдзень. І зразумела, складана так хутка знайсці новае месца. Дадатковыя гарантыі даюць магчымасць і падумаць: заставацца альбо не,  або знайсці іншую працу.

Не зможа наймальнік і перакласці штрафы, напрыклад, з фірмы на кашалёк працаўніка. Бо бывала, свае пралікі кіраўніцтва пасля спаганяла з радавых, гаворыць намміністра. 

Абноўлены Працоўны кодэкс улічваў і павевы часу - працу на аддаленцы. Рост IT-кампаній і колькасць тых, хто піша коды і праграмы па-за  офісам, расце. У гэтым зацікаўленыя і ўладальнікі, і кіраўнікі. Вынік ёсць, а эканомія на рэсурсах істотная.

У адным ПВТ ужо 563 кампаніі і іх юрыдычны адрас сапраўды не рабочае месца для сотні, а то і тысячы супрацоўнікаў. Як раз для іх прапісваюць гарантыі заканадаўча. У Мінпрацы новыя артыкулы называюць  поглядам у будучыню.

У профільным ведамстве запэўніваюць: імкнуліся вытрымаць баланс інтарэсаў начальніка і падначаленага і ўзмацніць гібкасць  заканадаўства. Як прыклад, наймальнік можа прапанаваць працаўніку папрацаваць не больш за паўгода на іншым прадпрыемстве. Але часовы перавод  толькі з яго згоды. 

А тым, хто на асноўным месцы працы пайшоў у водпуск, дазволілі на гэты час працаваць па сумяшчальніцтве поўны дзень. Тут толькі жаданні і магчымасці. Але лепш усё-такі, не пазбаўляць сябе зусім адпачынку. 

Працаваць па-новаму будзем з наступнага года. Навацыі Працоўнага кодэкса ўступаюць у сілу праз 6 месяцаў пасля афіцыйнага апублікавання. Значыць,  прыкладна ў канцы студзеня - пачатку лютага. За гэты час Мінпрацы і сацабароны падрыхтуе для аддзелаў кадраў усе растлумачэнні. А наймальнікам і працаўнікам трэба вызначыцца, на колькі гадоў яны будуць змацоўваць  свае працоўныя адносіны кантрактамі. Для кожнага з'яўляюцца новыя магчымасці. 

 


Папулярныя

Рэкамендуемыя