У Беларусі пачаліся летнія канікулы

3 июня 2019
Больш за сорак тысяч маленькіх мінчан адправяцца ў летнія аздараўленчыя цэнтры. У раскладзе школьнікаў - спартыўныя турніры, ІТ-заняткі і танцавальныя майстар-класы. Тэматычныя праграмы падрыхтавалі і ў школьных лагерах, сёння яны прынялі першых гасцей. Якія новыя займальныя напрамкі выбіраюць вучні – матэрыял Аляксандры Кавеліч.

Адправіцца ў мінулае і апынуцца ў сярэдневяковым замку. Першы дзень у летнім лагеры для гэтай каманды ператварыўся ў гістарычнае падарожжа. Першакласнікі знаёмяцца з бытам рыцараў і нават становяцца ўдзельнікамі старадаўняга балю. На паркеце – турэцкі бранль.

І так на працягу некалькіх тыдняў. У сталічным Палацы дзяцей і моладзі ўжо сёння сярод гасцей  звыш трохсот вучняў. Змайстраваць падарунак сваімі рукамі ці пачаставаць мясцовую ўлюбёнку – марскую свінку Полі. У раскладзе школьнікаў самыя розныя заняткі. У тым ліку профільныя. 

А тут на канікулах падхопліваюць смарт-хвалю. Асновы праграмавання ці 3D-мадэлявання вывучаюць амаль з нуля. Але ўжо хутка школьнікі самастойна ствараюць уласныя праекты ў сферы ІТ. 

Такую лічбавую праграму ладзяць ужо трэці год запар. Ажыўляць робатаў нароўні з юнакамі вучыцца і сямікласніца Юля Нямцэвіч. Дзяўчына загадзя рыхтуецца да будучай прафесіі. 

Адпачынак у ІТ-фармаце будуць ладзіць і ў загарадных аздараўленчых цэнтрах Мінскай вобласці. Сёлета там адпачнуць звыш 40 000 школьнікаў. Профільныя атрады аб'яднаюць таксама аматараў спорту, экалогіі ці замежных моў. Дарэчы, першая змена ўжо пачалася.