У Беларусі пачалася падрыхтоўка да Новага года

3 декабря 2016

Галоўнай пляцоўкай стане Палац спорту - тут у навагоднюю ноч музыка не сціхне да 4 раніцы, а святочны салют прагрыміць роўна а палове на другую 1 студзеня ўжо 2017. Тым, хто плануе адзначыць Новы год у кафэ - беларускай сталіцы або аўстрыйскай ці чэшскай, - варта паспяшацца. Браніраваць туры сёлета беларусы пачалі яшчэ ў сярэдзіне восені. А ў кафэ і рэстаранах Мінска занята ўжо больш за 75% месцаў. Як сустрэць 2017 сапраўды незабыўна і колькі гэта будзе каштаваць, цікавілася Юлія Грызунт.

Як па заказе, з першага снежня пад нагамі пачаў храбусцець снег. У сталіцы ўжо ўсталяваныя галоўныя ёлкі, а беларусы пачалі ствараць планы на навагоднюю ноч. Традыцыйна ў адміністратараў кафэ і рэстаранаў свята пройдзе на працы - ахвотнікаў прыйсці да ўжо накрытага стала штогод прыкладна 25 000. Дарэчы, у ноч з 31 снежня на 1 студзеня забраніравана ўжо больш за 75% сталічных кафэ.

Закускі, гарачае, напоі, а таксама забаўная праграма з вядучым і навагоднімі героямі каштуе каля 120 рублёў на аднаго госця. За такую цану гасцям кафэ і рэстаранаў можна будзе акунуцца ў свята з 10 вечара да 6 раніцы.

А можна заплаціць на 80 рублёў больш і адправіцца на 3 дні ў навагодняе падарожжа, напрыклад, у Пецярбург. За 200 рублёў тут уключана жыллё, харчаванне і, вядома, дарога - на аўтобусе. А вось хітом продажаў сёлета сталі пуцёўкі ў навагодні Львоў: цана паездкі ва Украіну пачынаецца таксама ад 200 рублёў.

Новы год тысячы беларусаў традыцыйна будуць сустракаць і на вуліцах горада, ужо ў сярэдзіне снежня святочныя кірмашы з'явяцца на Нямізе і на Кастрычніцкай плошчы. Тут гарачы глінтвейн і свежая выпечка не дадуць змерзнуць на працягу ўсёй навагодняй ночы.

Па святочны настрой у навагоднюю ноч варта прыходзіць сюды, да Нямігі. Тут да 4 раніцы не сціхне музыка. На сцэне будуць выступаць беларускія і замежныя выканаўцы.

Бой курантаў можна будзе пачуць проста на лёдзе, сёлета ў сталіцы зальюць 48 каткоў. Галоўны з іх каля Палаца спорту. Тут можна будзе катацца ўсю навагоднюю ноч. Першага студзеня з самай раніцы ён зноў будзе адкрыты пасля нядоўгага перапынку. Для самых нястомных і актыўных беларусаў.

Святочныя астраўкі знешне ў параўнанні з мінулым Новым годам ніяк не зменяцца. Туды ідуць па навагодні настрой, але зразумела, што многія імкнуцца правесці навагоднюю ноч як у лепшых фільмах пра Раство.

Наведаць калядныя Прагу, Вену, Дрэздэн, даведацца пра культуру гэтых гарадоў ад прафесійных экскурсаводаў сёлета можна за 550 рублёў. У кошт уваходзіць харчаванне і пераезд. За навагоднюю бяседу прыйдзецца даплаціць, але, як паказвае практыка, беларусы аддаюць перавагу сустракаць святы на брукаваных еўрапейскіх вулачках. Напрыклад, у Вене ўжо адкрыліся 12 калядных кірмашоў па ўсім горадзе. Тут і глінтвейн, і сувеніры ручной працы, і разнастайныя пачастункі - ад смажаных каштанаў і да знакамітых сасісак. Галоўны напой свята - гарачае віно са спецыямі. Падаюць яго нават з агнём. Праўда, турыстам тут прыйдзецца пакінуць нямала грошай. Адзін куфаль віна - каля 8 рублёў.

Менавіта ў гэтую ноч прынята загадваць самае патаемнае жаданне. Адным з першых уражанняў Новага года ў кожнага, хто вырашыць правесці гэтую ноч у цэнтры беларускай сталіцы, стане святочны салют, які прагрыміць а палове на другую першага студзеня ўжо 2017.