У Беларусі назіраецца цікавы працэс - урастанне горада ў вёску

19 мая 2013

Спецыялісты па нерухомасці гавораць пра небывалы рост  попыту на зямельныя ўчасткі і дамы  за межамі Мінскай кальцавой. І рынак адказвае заканамерным, хаця пакуль і ўмераным ростам цэн.


Хто скуплівае зямлю каля Мінска, наколькі дарагое гэтае задавальненне, і каго нічым не прывабіш  назад, высвятляла Антаніна Станкевіч.

Яшчэ год таму ён разам з жонкай і двума дзецьмі быў уладальнікам стандартнай двушкі ў стандартным спальным раёне. Пра сабаку і кошку нават  не думалі - габарыты жылля не дазвалялі. А сёння месца нават на мінімальных дзвюх сотках хапае ўсім, каб жыць дружна. Утрымліваць дом выйшла крыху даражэй, расказвае Вячаслаў. Камунальныя паслугі каштуюць  у  сярэднім  300 тысяч за месяц. А вось працы па доме  дадаецца - гэта так, згаджаецца мужчына. Але калі паглядзець на гэта пад іншым вуглом,  то не такі ўжо і мінус атрымліваецца.

З надыходам вясны  многія беларусы задумаліся над тым, каб узяць  прыклад з Вячаслава. Зямельныя ўчасткі і загарадныя дамы разлятаюцца на рынку, як гарачыя піражкі. І цэны рэагуюць адпаведна: павольна, але дакладна растуць. А таму сума ў 30 тысяч долараў за пусты ўчастак сёння зусім не рэдкасць. Такая карціна зусім не характэрная для беларускага рынку загараднай нерухомасці. Па-першае, колькасць ахвотнікаў набыць домік у вёсцы расце, а па-другое, такі рэсурс, як зямля, на жаль,  не гумовы. Толькі ў Мінскай вобласці тых, хто жадае атрымаць або набыць участак, больш чым дзве з паловай тысячы. А вось варыянтаў  усяго крыху  больш за 800. З іх 525 - у Мінскім раёне.

Самыя дарагія ўчасткі традыцыйна размяшчаюцца на Маскоўскім і Лагойскам кірунках. Крыху менш на рынку загараднай нерухомасці каціруюцца Мядзельскі і Маладзечанскі напрамкі. Яшчэ танней можна набыць зямлю на Брэсцкім і Слуцкім кірунках. І замыкаюць рэйтынг участкі каля трасы М4, што вядзе на Магілёў. На кошт таксама ўплывае наяўнасць або блізкасць камунікацый і інфраструктура.

Па прагнозах  спецыялістаў, зямельны бум прадоўжыцца да кастрычніка. Але гэта ўжо традыцыя - уплывае сезонны фактар. Да гэтага часу  цэны будуць максімальна высокімі. Невялікі спад цікавасці да зямельнага пытання чакаюць зімой. Зрэшты, і актыўных прапаноў у гэты сезон нямала. А таму добры загарадны домік пакуль што застаецца дарагім задавальненнем.