У Беларусі змяняюцца правілы пасажырскіх перавозак

13 сентября 2018

Іх зацвердзіў урад. Галоўныя навацыі закрануць правы і абавязкі пасажыраў.

Так, зараз для куплі білета ў вадзіцеля пасажыры абавязаныя ўваходзіць у пярэднія дзверы аўтобуса, тралейбуса або трамвая. Выпадкі, калі ў вадзіцеля скончыліся білеты, асобна ў правілах не прапісаныя. Тут адказнасць будзе несці пасажыр, бо яго абавязак - своечасова аплаціць праезд. Забраніраваць білет на міжгародны рэйс зараз можна аж да адпраўлення аўтобуса. Ёсць новаўвядзенні і ў працы таксі: пры выкліку аўто праз Інтэрнэт перавозчык будзе высылаць квітанцыю на электронную пошту кліента. А калі вадзіцель спазніўся, ад яго паслуг можна будзе адмовіцца.

Сяргей Дубіна, начальнік упраўлення Міністэрства транспарту і камунікацый Беларусі:

"Калі вы заказалі транспартны сродак у нерэгулярных зносінах, дамовіліся, што ён будзе пададзены, напрыклад, у 12 гадзін, а фактычна паслуга не была аказаная, то незалежна ад таго, якія ў вас былі дагаворныя адносіны з перавозчыкам, нават калі норма не была прапісаная ў дагаворы, у адпаведнасці з правіламі, вы маеце права адмовіцца ад такой перавозкі".

Пасажырам дазволяць перавозіць у салоне буйнагабарытную паклажу, напрыклад, музычныя інструменты ў футарале або інвалідныя крэслы. Са згоды перавозчыка можна будзе перавезці веласіпед у неразабраным выглядзе на спецыяльна абсталяваных для гэтага месцах. Але такога транспарту ў Беларусі пакуль няма, гэта правіла на перспектыву. Як і абавязак прыкладваць да валідатара электронны білет на выхадзе з транспарту.

Калі эксперымент акажацца паспяховым, аплату праезду за адлегласць могуць увесці і на гарадскіх маршрутах. Дарэчы, змяненні закранулі і вадзіцеляў пасажырскага транспарту, у тым ліку таксі. Іх абавязалі адмовіцца ад курэння ў салоне, а таксама захоўваць дрэс-код: ніякай хатняга або спартыўнага адзення. Новыя правілы ўступяць у сілу 12 кастрычніка.