У Беларусі змяняюцца прынцыпы аплаты жыллёва-камунальных паслуг

13 января 2016

Рэальная цана і дыферэнцыраваныя тарыфы. У Беларусі змяняюцца прынцыпы аплаты жыллёва-камунальных паслуг. Як расказалі сёння ў Мінскім гарвыканкаме, асноўныя новаўвядзенні ўжо з лютага закрануць графу «тэхнічнае абслугоўванне». Гэта прынцыповыя моманты, звязаныя з асвятленнем і ўборкай пад'ездаў, падтрыманнем у парадку двароў і карыстаннем ліфтамі ў дамах. Пры гэтым новы падыход павысіць узровень кампенсацыі затрат насельніцтвам амаль да 80 працэнтаў - без фактычнага павышэння тарыфаў.

Віталь Смірноў, гендырэктар мінскай гарадской жыллёвай гаспадаркі: "Ва ўказе Кіраўніка дзяржавы прапісана - уборка дваровай тэрыторыі здзяйсняецца за кошт бюджэту Мінска. Гэтым зоймецца горад, адпаведна, насельніцтва не будзе аплчаваць гэту паслугу. Уборка ж пад'ездаў - за кошт насельніцтва. Гэта стымулюе не смеціць і не псаваць пад'езды. Яшчэ адно з новаўвядзенняў - гэта асвятленне месцаў агульнага карыстання. Яно будзе за кошт насельніцтва. На маю думку, гэта таксама стымулюе эканомна ставіцца да асвятлення і электраэнергіі".

Адзначым, па-новаму з гэтага года будуць працаваць і сталічныя таварыствы ўласнікаў. Павышаюцца патрабаванні да дзейнасці іх старшынь, больш празрыстымі стануць і фінансавыя адносіны ў таварыствах.