У Беларусі ідзе падрыхтоўка да 5-га Усебеларускага народнага сходу

16 мая 2016

У Беларусі ідзе падрыхтоўка да найважнейшай грамадска-палітычнай падзеі - 5-га Усебеларускага народнага сходу. У рэгіёнах зараз вызначаюцца з дэлегатамі. Удзельнікаў народнага веча ўжо выбралі ў Браслаўскім, Полацкім, Міёрскім, Талачынскім і Гарадоцкім раёнах. Нагадаем, усяго возьмуць удзел дзве з паловай тысячы чалавек. 400 прадставяць беларускую сталіцу, па 350 прыедуць з абласцей. Сярод іх людзі самых розных прафесій. - педагогі, вайскоўцы, прадстаўнікі АПК. Спіс дэлегатаў ад Віцебскай вобласці вывучыла Марына Раманоўская.

Дзве з паловай тысячы чалавек. Менавіта столькі дэлегатаў з усёй краіны збярэ 5-ы Усебеларускі народны сход. З іх 400 удзельнікаў прадставяць беларускую сталіцу. Па 350 прыедуць з кожнай вобласці. З удзельнікамі маючага адбыцца народнага веча ўжо вызначыліся ў некаторых раёнах Віцебскай вобласці. Сваіх дэлегатаў выбралі ў Браслаўскім, Полацкім, Міёрскім, Талачынскім і Гарадоцкім раёнах. Самай шматлікай ад паўночнага рэгіёна стане дэлегацыя з абласнога цэнтра.

Уладзімір Цярэнцьеў, старшыня Віцебскага абласнога савета дэпутатаў:

"Уся праца ў вобласці арганізавана ў адпаведнасці са 104 указам Прэзідэнта. Створана 27 арганізацыйных камітэтаў. Прайшлі ў адпаведнасці з планам выбары ўпаўнаважаных. Абрана 6 тысяч 601 чалавек".

Гарадоцкі раён - самы паўночны ў Віцебскай вобласці. Тут пражывае больш за 20 тысяч чалавек. На 5-м Усебеларускім народным сходзе яго прадставяць 7 дэлегатаў. Алена Краўцова сярод іх. Педагог з 20-гадовым стажам прызнаецца, што ўдзел у народным форуме для яе - вялізная адказнасць.

Святлана Зуева ўзначальвае Гарадоцкі раённы Савет дэпутатаў. Яе кандыдатуру аднагалосна падтрымалі ў ліку першых. Бо асноўнае патрабаванне да ўдзельнікаў Усебеларускага форуму - быць спецыялістам сваёй справы і ўмець вырашаць праблемы, што хвалююць грамадства.

Святлана Зуева, старшыня Гарадоцкага раённага савета дэпутатаў:

"Для мяне, як старшыні раённага Савета дэпутатаў, гэта важна, ганарова. Дэпутаты з'яўляюцца сувязным звяном паміж уладай і народам. Дэпутаты Гарадоцкага раёна прымуць актыўны ўдзел у рэалізацыі задач, якія паставіць кіраўнік нашай краіны".

Прадстаўнікі навукі, культуры, кіраўнікі і работнікі аграрна-прамысловага комплексу, вайскоўцы. У спісе дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу людзі самых розных прафесій. Дарэчы, імёны ўсіх удзельнікаў народнага форуму ад Віцебскай вобласці стануць вядомыя 19 мая.

Усебеларускі народны сход - гэта адна з формаў рэалізацыі канстытуцыйнага права беларусаў удзельнічаць у абмеркаванні пытанняў дзяржаўнага і грамадскага жыцця краіны. Ён праходзіць кожныя пяць гадоў. Першы народны форум адбыўся ў кастрычніку 96-га.

Усебеларускі народны форум - найважнейшая грамадска-палітычная падзея. Яго ўдзельнікі падвядуць вынікі развіцця і вызначаць асноўныя кірункі і параметры развіцця дзяржавы на найбліжэйшыя пяць гадоў. Па сутнасці, 5-ы Усебеларускі народны сход павінен даць старт новаму этапу жыцця ўсёй краіны. 



Зараз чытаюць

Рэкамендуемыя