У Беларусі гэты тыдзень прысвечаны мамам

12 октября 2018

У гэтыя дні цёплыя словы падзякі і віншаванні гучаць у адрас нашых самых далікатных і клапатлівых. Аб шчасці і таленце быць мамай вялікай сям'і - наступны рэпартаж.

Яна закаханая ў сваю прафесію і пастаянна ўдасканальваецца. Наталля Гомбер ведае, як схіліць да сябе нават самых нясмелых пацыентаў. У Мяднянскай участковай бальніцы ў зубнога фельчара працы хапае. Тут Наталля працуе 17 гадоў, праўда, з перапынкам на дэкрэтныя водпускі. Зараз працуе на 0,5 стаўкі, бо дома - вялікая сям'я.

Дапытлівыя двайняткі, трохгадовыя Саша і Віка, толькі нядаўна пайшлі ў дзіцячы садок. Усяго ў сям'і Гомбер чатыры сыны і дачка. Самаму старэйшаму Дзіму 13.

Наталля сама з вялікай сям'і, таму быць шматдзетнай мамай для яе - задавальненне. Дзяцей яна вучыць самастойнасці. Хлопчыкі захопленыя авіямадэляваннем, шахматамі, у школе - выдатнікі. Восеньскі букет з лісця - падарунак маме, каб яшчэ раз прызнацца ёй у любові. Самыя патаемныя словы на гэтым тыдні гучаць ва ўсіх сем'ях. А шматдзетныя мамы яшчэ і атрымліваюць сваю заслужаную ўзнагароду - ордэн Маці.

Алёна Малчанава жыхарка самага маладога горада Беларусі - Наваполацка. А сярэдні ўзрост яе сям'і і зусім школьны. Яна мама васьмярых дзяцей, трое з якіх прыёмныя. Малым яшчэ па пяць, а старэйшыя сыны ўжо студэнты. Сёння - яна лаўрэат Спецыяльнай прэміі Зінаіды Тусналобавай-Марчанкі. У Віцебскай вобласці ўзнагарода заснаваная ў 1987 годзе, толькі ў паўночным рэгіёне ёй адзначаныя амаль 500 маці.

Абавязкі мамы Алена паспяхова сумяшчае з выкладаннем у Полацкім універсітэце. Яна - суаўтар дапамог і падручнікаў, захопленая фатаграфіяй і падарожжамі, вядома ж, у кампаніі сям'і!

Быць мамай - яшчэ і прафесія. У дзіцячых дамах сямейнага тыпу мамамі працуюць. Вось толькі без прызначэння, загаду душы, быць прафесіяналам тут не атрымаецца. Выхаваць чужых дзяцей як сваіх – гэта талент. Ва ўтульным катэджы ў Пружанах сёння выхоўваюцца 8 дзяцей. Камфортныя ўмовы, уласныя спальні і галоўнае - клопат бацькоў.

Лірына і Аляксандр Нежавец - маладая пара. Сям'я спачатку ўсынавіла траіх дзяцей, зараз пад апекай яшчэ пяцёра малых са складаным лёсам. Самым старэйшым Юлі і Косці па 13, малодшы - 4-гадовы Яраслаў. А яшчэ сям'я Нежавец - прыклад пераемнасці, бо сама мама – выхавальніца ў пятым пакаленні.

Сёння толькі ў Брэсцкай вобласці такіх дамоў сямейнага тыпу 47. Больш за 300 дзяцей выхоўваюць прафесійныя мамы. Гераіні нашага сюжэту сапраўды ведаюць: іх найважнейшая місія - мацярынства. Бо жаночае шчасце немагчыма без гэтых слоў.