Экстранную дапамогу ў Беларусі замежныя грамадзяне зараз могуць атрымаць па адзіным еўрапейскім нумары выратавання 112.

15 января 2014
МНС ужо гатова да сустрэчы з турыстамі, якія прыедуць на чэмпіянат свету па хакеі. Дыспетчары кол-цэнтра прайшлі спецыяльныя курсы, таму моўнага бар'ера з гасцямі з-за мяжы не ўзнікне. А пакуль да спартыўнага марафону яшчэ ёсць час, аператыўныя службы працягваюць адточваць майстэрства.

Што зараз хвалюе замежных турыстаў і ў каго будзе шанец адчуць сябе ратавальнікам, ведае Аляксандра Штэмплеўская.

Пераключыцца з адной мовы на другую для Таццяны зараз гэтак жа проста, як пераключыць тэлефонную лінію. Дыспетчараў цэнтра ў першую чаргу накіравалі на курсы англійскай. Асноўны ўпор на занятках робіцца на разбор надзвычайных сітуацый. І не толькі тыповых. Увага надаецца як пажарам і аварыям, так і, да прыкладу, пабітаму градусніку.

Таццяна Паўлючук, дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання: Калі рабіць акцэнт для замежнікаў, то гэта сарыентаваць яго ў горадзе, дабрацца да якога-небудзь пэўнага пункта. Чалавек можа і ў ліфце засесці. Гэта значыць, сітуацыі розныя.

Да самых розных сітуацый у МНС рыхтуюцца ўжо даўно. Улічваюць вопыт краін, дзе ўжо прымалі маштабныя мерапрыемствы, укараняюць уласныя праекты.

Уладзімір Вашчанка, Міністр па надзвычайных сітуацыях Беларусі: Увялі тэлефон 112, каб тыя, хто прыязджае з Еўропы, маглі датэлефанавацца ў выпадку неабходнасці і атрымаць дапамогу. Правялі навучанне нашых дыспетчараў замежным мовам.

У службу выратавання замежнікі звяртаюцца і зараз. Пакуль нячаста, пару разоў на суткі. Кароткі нумар 112 выкарыстоўваецца для выкліку экстраннай дапамогі па ўсёй Еўропе. Таму, трапляючы ў незнаёмую краіну, замежнікі набіраюць добра знаёмы нумар.

Ірына Мацкевіч, дыспетчар цэнтра аператыўнага кіравання: У сілу таго, што гэта замежнікі, яны не могуць ведаць унутраныя нумары гатэляў і неяк машынальна набіраюць 112. Як звязацца з суседнім нумарам, як заказаць сняданак, як заказаць вячэру. Вось такія пытанні.

Падчас чэмпіянату свету па хакеі лік званкоў узрасце ў дзясяткі разоў. Тэрміналогія зваротаў не самая простая. Для дыспетчараў распрацаваныя нават спецыяльныя размоўнікі. Калі гэтага стане недастаткова, на дапамогу прыйдзе рэальны чалавек.
Адчуць гарачую працу на сабе хутка змогуць не толькі спецыялісты. Каб стаць валанцёрам МНС, трэба запоўніць анкету на сайце. Жорсткіх абмежаванняў няма. Галоўная ўмова адбору - веданне англійскай мовы.

Увесну адабраныя кандыдаты пройдуць навучанне ўжо на месцы, у дыспетчарскім цэнтры аператыўнага рэагавання. Асноўнай задачай навабранцаў стане дапамога ў перакладзе. Наўзамен валанцёры атрымаюць неацэнны вопыт працы ў экстрэмальных умовах.