У Беларусі дадзены старт мерапрыемствам да 525-годдзя з дня нараджэння Францыска Скарыны

2 февраля 2015

У Беларусі дадзены старт мерапрыемствам да 525-годдзя з дня нараджэння першадрукара на землях Усходняй Еўропы - Францыска Скарыны. У Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі, дзе захоўваюцца арыгіналы кніжных скарбаў асветніка, прайшла прэзентацыя сучаснага выдання "Францыск Скарына на мовах народаў свету". Алена Борматава азнаёмілася з выданнем.

64 мовы пад адной агульнай вокладкай. Упершыню ў свеце выдалі Скарыну на самых папулярных і экзатычных мовах планеты. Скарына ў іерогліфах і ў кірыліцы. Тут і руская і, нават, лакская. Праца над навуковым праектам пачалася амаль 5 гадоў таму. Ініцыятар – пісьменнік, краязнавец Алесь Карлюкевіч, які зараз узначальвае выдавецкі дом “Звязда”, дзе непасрэдна і выйшла кніга.

Скарынаўская прадмова да кнігі “Юдзіф”, якую беларусы ведаюць яшчэ з пачатковай школы, і стала тым творам, на які рабілі пераклад. Арыгінала “Юдзіф” у нацыянальных фондах няма.

Некалькі гадоў таму прывозілі з Германіі і выстаўлялі побач з арыгіналамі, якія ёсць у Нацыянальнай бібліятэцы Беларусі. Тут жа зрабілі і лічбавую копію. Кніга выйшла накладам усяго 570 адзінак. Дарэчы, ужо зараз вядзецца гаворка аб другім тыражы.

64 мовы – гэта не мяжа. Навукова-перакладчыцкая работа працягваецца. Магчыма неўзабаве знакамітую скарынаўскую фразу можна будзе чытаць на ста мовах свету.

Ушанаванне спадчыны Скарыны толькі пачынаецца. Да 2017 года, калі і будзе адзначацца 500-годдзе беларускага і ўсходнеславянскага кнігадрукавання, плануецца выдаць поўны 20-томны збор факсімільных выданняў Скарыны. А таксама зрабіць усе лічбавыя копіі скарынаўскай спадчыны, якая сёння раскідана па бібліятэчных і музейных фондах свету.

Акрамя таго, вядзецца работа па рэалізацыі выставачных праектаў. Нацыянальная бібліятэка ўжо сёлета плануе выставіць арыгіналы, выданыя Скарынам, у Гомелі. На чарзе - Полацк.

Да таго ж дасягнуты дамоўленасці прывезці ў Беларусь скарынаўскую кніжную спадчыну з фондаў Расіі, Германіі, Даніі, Польшчы і Украіны.