У Беларусі будзе распрацаваны атамна-сілавы мікраскоп з 3D-адлюстраваннем

30 ноября 2017

Аб гэтым сёння паведаміў першы намеснік старшыні прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Сяргей Чыжык падчас прэзентацыі італьянскімі распрацоўшчыкамі тэхналогіі праектавання і вытворчасці 3D-адлюстраванняў без выкарыстання палярызаваных акуляраў. Бакі падпісалі мемарандум аб намерах для больш цеснага супрацоўніцтва ў гэтай сферы. Адзначым, у нашай краіне дзейнічае высакаякасная вытворчасць мікраскопаў рознага тыпу. 3D-тэхналогія дапоўніць іх новымі магчымасцямі.

Сяргей Чыжык, першы намеснік старшыні прэзідыума НАН Беларусі: "3D-адлюстраванне без акуляраў дазволіць забяспечыць большы аб'ём інфармацыі для медыкаў, дэталёвае планаванне аперацый, кантроль і карэкціроўку працэсу аперацыі. Таксама гэта будзе карысна для апрацоўкі даных з беспілотнікаў, касмічных даных са спадарожнікаў дыстанцыйнага зандавання Зямлі".

У Год навукі НАН Беларусі актыўна развівае міжнароднае супрацоўніцтва ў розных навуковых сферах. Вынікі гэтай дзейнасці падвядуць на секцыі "Міжнароднае навуковае ўзаемадзеянне на сучасным этапе" на II З'ездзе навукоўцаў Беларусі 12 снежня.