У Беларусь з візітам прыбыла генеральны дырэктар Імперскага ваеннага музея Вялікабрытаніі

10 мая 2017

У Беларусь з візітам прыбыла генеральны дырэктар Імперскага ваеннага музея Вялікабрытаніі Даян Ліс.

Час візіту ў нашу краіну быў выбраны невыпадкова. Дэлегацыя Туманнага Альбіёна наведае гістарычныя месцы Беларусі, і адным з першых пунктаў госці выбралі Дзяржаўны музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, куды адправіліся ў адно з найважнейшых свят для нашай краіны - у Дзень Перамогі. З цікавасцю госці з Вялікабрытаніі агледзелі ўсе экспазіцыі і пажадалі бачыць некаторыя экспанаты і ў сябе ў музеі.

Даян Ліс, гендырэктар Імперскага ваеннага музея Вялікабрытаніі:

"Уражанні проста неверагодныя. Мы захопленыя музеем. І мы тут для таго, каб наладзіць партнёрскія адносіны паміж нашымі музеямі. Мы хочам паказаць карціну Другой сусветнай вайны дэталёва. І ў нас ужо ёсць спіс экспанатаў, якія б мы хацелі запазычыць у Беларускага дзяржаўнага музея Вялікай Айчыннай вайны".

Гэта першы візіт Даян Ліс у Беларусь. Госця абяцае, што не апошні. Дэлегацыя з Вялікабрытаніі плануе таксама наведаць з экскурсіяй мемарыяльны комплекс "Хатынь".