У Беларусь прыйшлі калядныя маразы

20 января 2014

Найболей складаныя пагодныя ўмовы ў паўночным рэгіёне краіны. Мінулай ноччу там зафіксаваны самы нізкі тэмпературны мінус у краіне - слупок тэрмометра апусціўся ніжэй за адзнаку ў 20 градусаў марозу.


Расказвае Вольга Маслоўская. Самая марозная ноч з пачатку зімы. Сёння на поўначы краіны тэрмометры паказвалі за мінус 20. Тэмпературны рэкорд у Оршы - мінус 23. І шлях калядныя маразы толькі пачынаюць, ужо з'явіліся першыя ахвяры пагоднага мінусу - восем мінчан з абмаражэннямі звярнуліся па медыцынскую дапамогу. На трасе ва Ушацкім раёне ўначы ледзь не змерз вадзіцель - яго легкавушку ратавальнікі адбуксавалі да найбліжэйшага населенага пункта.


На тыдні мароз будзе мацнець. Аднак сіноптыкі адзначаюць, што розніца тэмпературы ў паўночных і паўднёвых абласцях краіны складзе прыкладна дзесяць градусаў.


Ужо заўтра слупкі тэрмометраў у сярэднім па краіне спыняцца на адзнацы мінус 15, у сераду пацяплее на некалькі градусаў. У чацвер у Беларусь прыйдзе халодны антыцыклон, і да выхадных тэмпература ўпадзе да мінус 27 уначы.


Ёсць і плюсы ад тэмпературнага мінусу. У Віцебску сёння дыхаецца больш лёгка. Маразы палепшылі экалагічнае становішча. Аўтамабіляў на дарогах у два раз менш за звычайнае - яны проста не завяліся.


А вось грамадскі транспарт вытрымаў выпрабаванне першымі маразамі. Усе аўтобусы ў патрэбны час выйшлі на маршрут.


Мароз мацнее, але да рэкордаў яшчэ далёка. У гісторыі Віцебска, напрыклад, у гэты час былі халады і да мінус 41 паводле Цэльсія.


Дарэчы, сто гадоў таму, калі градуснікі ў дамах былі рэдкасцю, аб моцным марозе віцябляне даведваліся не толькі па ўзорах на вокнах. Пры тэмпературы ніжэй за мінус 20 дзяжурны вывешваў на гарадской ратушы чырвоны сцяг. Гэта азначала, што заняткі ў гімназіях з-за марозу адмяняюцца.


Графік працы школ і садоў Віцебска, роўна як і іншых абласных цэнтраў, пакуль застаецца без змяненняў.