Агонь з Віфлеема прыбыў у Беларусь

19 декабря 2015

Запаленае ў Віфлееме полымя на месцы, дзе роўна 2015 гадоў таму нарадзіўся Ісус Хрыстос, беларускія скаўты перадалі вернікам Гродзенскага фарнага касцёла. Тут апоўдні пачалася святочная імша. Гродна стаў першым беларускім горадам у доўгім маршруце агню. Каталіцкая моладзь з розных куткоў Беларусі прыбыла ў храм, каб адгэтуль развезці запаленыя ад агню лампадкі ў свае святыні. Паводле слоў настаяцеля фарнага кафедральнага касцёла горада, агонь, прывезены з базілікі Нараджэння Хрыстовага ў Віфлееме, прабудзе ў храме аж да святкавання праваслаўнага Раства. Дарэчы, запаліць свечку і аднесці дахаты можа кожны, незалежна ад канфесіі.

Агонь з Віфлеема прыбывае ў Беларусь ужо 16 раз. Сама ж традыцыя пачалася яшчэ ў 1986 годзе, калі ўпершыню ў падарожжа па Віфліемскае святло, як яго яшчэ завуць, адправіліся аўстрыйскія студэнты. Сёння агонь падарожнічае па ўсім свеце. З Аўстрыі яго перадаюць у Германію, Славакію, Польшчу, Беларусь, іншыя еўрапейскія краіны і нават на іншыя кантыненты. Сёння ж агонь з Віфлеема прыбыў у Мінскі архікафедральны касцёл Прасвятой Дзевы Марыі - яго ўрачыста ўнеслі ў храм перад вячэрняй службай.

Віфліемскі агонь гарыць у Гроце Нараджэння Хрыстовага, ад яго штогод запальваецца адна маленькая свечка, полымя якой скаўты нясуць па ўсім свеце. Агонь свету мае сімвалічнае значэнне, гэта свайго роду вобраз гарачай веры і хрысціянскай любові, цяпла Раства.