У Беларусь з Лівіі вярнуўся апошні з нашых грамадзян, якіх утрымлівалі на чужой зямлі

2 февраля 2018

Беларус, які правёў амаль сем гадоў у лівійскім палоне, вярнуўся на радзіму. Сёння ён прыляцеў у Мінск з Масквы. Вячаслаў Качура - апошні з беларускіх грамадзян, каго ўтрымлівала адна з так званых рэвалюцыйных брыгад. У Нацыянальным аэрапорце нашага суайчынніка разам з роднымі Вячаслава Міхайлавіча сустракала і здымачная група Агенцтва тэленавін.

Мінск мэтанакіравана працаваў над вяртаннем грамадзяніна нашай краіны, якога гвалтоўна ўтрымлівалі ў Лівіі. Рабіліся ўсе магчымыя захады, пытанне закраналася на ўсіх узроўнях, апошні раз - на сустрэчы Прэзідэнта Беларусі і кіраўніка Чачэнскай Рэспублікі ў верасні 2017. 

І сёння Аляксандр Лукашэнка накіраваў падзячныя пасланні Рамзану Кадыраву і спадчыннаму прынцу Абу-Дабі, намесніку Вярхоўнага галоўнакамандуючага Узброенымі сіламі Аб'яднаных Арабскіх Эміратаў шэйху Мухамеду бен Заіду аль-Нахаяну за асабісты ўклад і садзейнічанне ў вызваленні беларуса. 

Вячаслаў Качура прыбыў у Лівію ў чэрвені 2011 у складзе групы спецыялістаў з Расіі, Украіны і Беларусі. Праз два месяцы падчас штурму сталіцы Трыпалі іх затрымалі паўстанцы. Частку палонных атрымалася вызваліць, а пра лёс Качуры доўгі час нічога вядома не было. Нагадаем, у снежні з лівійскага палону былі вызваленыя беларускія ўрачы Іна Бабуш і Сяргей Здота.