У Баранавічах адкрыўся першы рэгіянальны лагістычны комплекс сеткі Еўраопт

29 января 2014

Цэнтр класа А плюс стаў самым вялікім у краіне складам пад адным дахам. Чаму ў новым комплексе немагчымая пратэрміноўка тавару? Наш карэспандэнт Якаў Бута пазнаёміўся з апошнімі лагістычнымі тэхналогіямі і нават падняўся на адну з самых высокіх складскіх паліц у краіне.


У самы вялікі лагістычны цэнтр у краіне пад адным дахам Еўраопт уклаў дваццаць пяць мільёнаў еўра. Магазіны сеткі адчыняюцца па ўсёй краіне, і магутнасцяў складскіх комплексаў у Мінску ўжо не хапала. Цэнтр у Баранавічах стаў першым рэгіянальным лагістычным комплексам гэтага рэтэйлера. Штодня сюды прыязджаюць паўсотні фур.


У новым лагістычным комплексе працоўная вышыня адна з самых вялікіх у краіне. Штабелер паднімае палеты пад самую столь - на 14 метраў. Для гэтага на вілах усталяваныя спецыяльныя камеры.


Тэмпература ў памяшканні склада глыбокай замарозкі - мінус 18. Працаўнікі ў цёплых куртках і маюць права на 10-хвілінны адпачынак кожную гадзіну. Дарэчы, прадукцыя з гэтых камер дастаўляецца ў магазіны сеткі па ўсёй краіне. Прытым, у найбліжэйшы час кампанія плануе запусціць маштабны праект па перавозцы замарожаных прадуктаў у тэрмакантэйнерах, якія захоўваюць патрэбную тэмпературу і дазваляюць захаваць максімальную якасць тавару.


Русланас Мадулевас, эксперт па лагістыцы сеткі магазінаў Еўраопт: Такім чынам у нас атрымаецца знізіць транспартныя выдаткі каля 30%, і зможам перавозіць тавар глыбокай замарозкі разам з сухім таварам. У адной машыне.


Гэты комплекс можна назваць адным з самых сучасных у краіне. Тут выкарысталі ўсе апошнія складскія тэхналогіі. Сістэма захоўвання тавараў цалкам аўтаматызаваная.


З увядзеннем такіх буйных лагістычных комплексаў Еўраопту атрымаецца скараціць транспартныя выдаткі і выдаткі на захоўванне тавараў. Тым самым знізіць яшчэ больш кошт прадукцыі ў магазінах сеткі.