У Астане прайшоў адзінаццаты Еўразійскі медыяфорум

1 мая 2013

Пытанні сусветнага і рэгіянальнага маштабу, сітуацыя на Блізкім Усходзе, будучыня ЕўрАзЭС і інфармацыйная бяспека сталі галоўнымі тэмамі сустрэчы.


 


З Астаны рэпартаж нашага спецыяльнага карэспандэнта Андрэя Лапцёнка.


Акрэдытаваныя журналісты, якія з'явіліся ў прэс-цэнтры за паўтары гадзіны, некалькі прытаміліся ў чаканні адкрыцця і бавілі час у гутарках і чытанні інтэрнэтаўскіх сайтаў. Але такая ўжо спецыфіка медыяфорумаў: пачуць ім трэба было з трыбуны сваіх жа калег, так што магчымасць пагаварыць аб медыятрэндах 21-га стагоддзя з'явілася яшчэ ў кулуарах.


Зрэшты, журналісты заклікалі адно аднаго даваць аб'ектыўныя ацэнкі. У прыватнасці, гаворачы аб інтэграцыйных  працэсах на еўразійскай прасторы, удзельнікі форуму прапаноўвалі не палітызаваць працэс, але аб поспехах Мытнага саюза расказваць абавязкова.


Новая тэма для абмеркаванняў - глабалізацыя і ўзаемадапаўняльнасць сусветных эканомік адкрывае магчымасці для інтэграцыі інтэграцый.


Зразумела, не толькі Мытны саюз быў у цэнтры дыскусій. За два дні дэлегатам атрымалася абмеркаваць нямала пытанняў, якія хвалююць сёння. Сярод іх Афганістан, сітуацыя на Блізкім Усходзе і зялёная энергетыка.


Еўразійскі медыяфорум ні ў якім разе не дзяжурнае мерапрыемства. Дзейства маштабнае, злятаюцца некалькі сотняў чалавек з усяго свету. І сам форум цікавы адразу ў некалькіх аспектах, але галоўны аспект гэта тое, што форум - добры індыкатар.


Дыскусій на розныя тэмы больш за дзясятак, і па іх напале можна рабіць высновы пра тое, што насамрэч хвалюе экспертаў, палітыкаў і саміх журналістаў. Ведаць гэта важна, бо ўжо ў недалёкай будучыні камунікацыі і медыя, паводле ацэнак экспертаў, будуць складаць у развітых краінах да 70% нацыянальнага прадукту.