У Акадэміі музыкі ўшаноўвалі адораную моладзь

3 июня 2019

Сёння ў Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі ўшаноўвалі тых, каго ў народзе завуць "неаграненымі дыяментамі". Пераможцы міжнародных прадметных алімпіяд, творчых конкурсаў і фестываляў, лаўрэаты і стыпендыяты спецфондаў Прэзідэнта Беларусі сустрэліся з намеснікам прэм'ер-міністра   Ігарам Петрышэнкам. Звышмалы арбітальны касмічны апарат – нанаспадарожнік  і нават прататып робата сапёра - аўтары асабіста распавядалі пра свае  распрацоўкі на своеасаблівай выставе дасягненняў.

Стаўку на талент і інтэлектуальны рэсурс у Беларусі зрабілі ўжо даўно. Дзяржава апякае  і надае "агранку" ідэям, а таксама дапамагае з рэалізацыяй. Сярод уладальнікаў стыпендый, заахвочвальных і гранд-прэмій,  грантаў і юныя артысты, якія праявілі сябе на міжнародным і рэспубліканскім узроўнях. Сярэбраны прызёр на XVI Міжнародным дзіцячым музычным конкурсе "Віцебск-2018"  Арцём Скароль, музыканты з акадэмічнай школай выканальніцкага майстэрства  Уладзіслаў Хандагій, а таксама Дар'я і Анастасія Лукашэнкі.

Спецфонд па падтрымцы таленавітай моладзі знаходзіцца пад асабістым патранажам Кіраўніка дзяржавы. А творчыя ВНУ - у топе самых уважлівых да студэнтаў і выпускнікоў. Такое пакрокавае суправаджэнне адоранай моладзі, а пасля "гатовых" спецыялістаў - гэта зачын  на будучыню. Студэнты і выпускнікі акадэміі рэгулярна практыкуюцца ў выканальніцкім майстэрстве  і ўдзельнічаюць у міжнародных конкурсах. Рэгулярна абнаўляецца і інструментальны фонд.