У аграгарадку Ноўка адкрыўся музей, прысвечаны космасу

30 марта 2019

Касмічныя падарункі сёння атрымалі вучні звычайнай сярэдняй школы Віцебскага раёна. У аграгарадку Ноўка адкрыўся музей, прысвечаны космасу. На першую экскурсію прыехаў і сапраўдны касманаўт-выпрабавальнік Алег Арцем'еў. На яго рахунку два палёты - у 2014-м і 2018-м. Зараз ён разам з сям'ёй гасцюе ў Віцебску ў бацькоў і сястры. У шчыльным графіку касманаўт з беларускімі каранямі знайшоў месца і для сустрэчы з моладдзю. Марына Раманоўская прадоўжыць.

Касмічная тэма аб'ядноўвае вучняў і педагогаў Ноўкінскай сярэдняй школы ўжо шмат гадоў - тут нават ёсць свой планетарый. Летась дзеці пабывалі на Міжнародным касмічным кангрэсе ў Мінску. І яшчэ больш загарэліся ідэяй стварыць у школе музей, прысвечаны космасу. Сёння адбылося яго адкрыццё.

Элемент рухавіка касмічнага карабля і бартавы часопіс з аўтографам - падарунак школьнікам ад касманаўта з беларускімі каранямі Алега Арцем'ева. Менавіта з гэтых прадметаў і пачалося стварэнне музея. Зараз экспазыцыя налічвае дзясяткі самых розных прадметаў, прысвечаных гісторыі космасу.

Сімвалічна, што і першую экскурсію правялі менавіта для касманаўта і яго сям'і. У Віцебску Алег Арцем'еў гасцюе ў бацькоў і сястры. Яго дзяцінства звязана з Браслаўскім раёнам - малой радзімай бацькі. У паўночным рэгіёне краіны касманаўта заўсёды сустракаюць па-асабліваму цёпла.

Алег Арцем'еў, касманаўт-выпрабавальнік: "Прыезд у Беларусь - гэта прышчэпка ад усіх хвароб. Карыстаючыся любой магчымасцю, я сюды прыязджаю. Бацька служыў на Байкануры, але на лета ён мяне заўсёды адпраўляў сюды".

Водпуск цалкам распісаны, але касманаўт знаходзіць магчымасць пагутарыць з моладдзю. Бо прыехаць у госці абяцаў. З падарункам прама з космасу.

Алег Арцем'еў здзейсніў два касмічныя палёты. На яго рахунку тры выхады ў адкрыты космас працягласцю больш як 20 гадзін. Падчас палётаў ён актыўна дзяліўся касмічнымі здымкамі ў сваім блогу. Фатаграфіі з аўтографам касманаўта сталі ўпрыгажэннем і школьнай экспазыцыі.

Колькі важыць скафандр, што ў меню ў экіпажа, і як падтрымліваецца сувязь з зямлёй. Алег Арцем'еў адказаў нават на самыя нечаканыя пытанні школьнікаў і студэнтаў, для якіх гэтая сустрэча стала проста космас.