У аграгарадку Гомельскай вобласці ўвялі каранцін па шаленстве

2 декабря 2016

Амаль дзве з паловай сотні выпадкаў заражэння шаленствам жывёл і экстранная вакцынацыя. У Гомельскай вобласці ў аграгарадку  ўвялі каранцін па шаленстве. У вёсцы Пакалюбічы ліса накінулася на маму з дзіцем. Гэта  здарылася  раніцай недалёка ад дома. Драпежнік зусім не баяўся чалавека і спрабаваў напасці. На дапамогу суседцы прыйшоў аднавясковец.

Рэпартаж  Аляксея Немава. Лісу ў вёсцы  ніхто не чакаў убачыць. Жывёла паводзіла сябе агрэсіўна. Алена гаворыць, больш спалохалася нават не за сябе, а за дзіця.

 Яна вырашыла загарадзіць сабою сына, але страціла раўнавагу і павалілася. У гэты момант лісу літаральна пратараніла машына суседа. Ад удару жывёлу адкінула ў бок.

На крыкі аб дапамозе прыйшоў сусед. Мужчына забіў жывёлу.  На месца надзвычайнага здарэння  адразу ж  выклікалі спецыялістаў.

Экспертыза пацвердзіла - ліса заражана шаленствам. Аграгарадок закрылі  на каранцін. Ветэрынары правялі экстранную вакцынацыю хатніх жывёл. І гэта, дарэчы,  не першы выпадак у раёне.  У жніўні і верасні на тэрыторыі вёскі Грабаўка і аграгарадка Цярэшкавічы  таксама ўводзіўся каранцін. Паводле слоў   спецыялістаў, зараз у рэгіёне сітуацыя пад кантролем.

Гомельская вобласць сёлета ў лідарах па колькасці выпадкаў шаленства ў жывёл. З пачатку 2016-га  такіх выпадкаў  амаль дзве з паловай сотні. Гэта  прыкладна палова ад агульнай колькасці ў краіне. Прычына ў павелічэнні папуляцый драпежніка ў дзікай прыродзе. І ў безадказнасці людзей. Большасць хатніх гадаванцаў - асабліва ў сельскай мясцовасці - вакцынай ад шаленства не прышчэпленыя.