У адрас Кіраўніка беларускай дзяржавы і народа працягваюць паступаць віншаванні са святам Вялікай Перамогі

9 мая 2020
"Перамога над нацызмам - наш агульны вялікі набытак", - гаворыцца  ў віншаванні ад Прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна.  "Захаванне памяці аб мужнасці і подзвігу воінаў-вызваліцеляў, працаўнікоў тылу - гэта неацэнная спадчына Вялікай Перамогі. Яна заклікае нас мацаваць сувязь сяброўства і сумесна рэагаваць на выклікі сучаснасці", - адзначылі ў пасланні Мінску лідар Арменіі Армен Саркісян і прэм'ер-міністр гэтай краіны Нікол Пашынян.

Прэзідэнт Малдовы Ігар Дадон у віншаванні Беларусі асабліва падкрэсліў, што сваімі справамі, сілай духу і ўстойлівасцю ветэраны дапамагаюць з годнасцю прайсці суровыя выпрабаванні, якія выпалі на нашу долю,  і дабіцца Перамогі! 

"Сёння, у сувязі з пандэміяй каранавіруса, мы ў поўнай меры разумеем, які далікатны і малы гэты свет, які ён недасканалы і не абаронены ад нас саміх, і як трэба звяртацца з ім, каб зберагчы на стагоддзі. І таму перад тварам тых, хто перамог у той самай жорсткай вайне, народы павінны аб'яднацца, каб супрацьстаяць ужо ў мірны час гэтай страшнай пагрозе".

“Вялікая Перамога была дасягнутая дзякуючы мужнасці, гераічнасці, згуртаванасці і самаадданай працы ўсіх народаў Савецкага Саюза”, -  адзначыў у сваім пасланні Прэзідэнт Таджыкістана. Эмамалі Рахмон выказаў упэўненасць у тым, што выпрабаваныя часам адносіны сяброўства і супрацоўніцтва паміж нашымі краінамі і надалей будуць мацнець і прымнажацца на карысць народаў, у імя забеспячэння ўсеагульнага міпу і стабільнасці.

Прэзідэнт Кыргызстана Сааранбай Жээнбекаў адзначыў у віншаванні, што агульны святы абавязак - беражліва захаваць і паважаць памяць аб гераічнасці абаронцаў Бацькаўшчыны! Кіраўнік Туркменістана Гурбангулы Бердымухамедаў лічыць свята Перамогі найвялікшай падзеяй, якая ўвасобіла імкненне чалавецтва да міру, сяброўства і братэрства.

Віншавальнае пасланне таксама паступіла ад Прэзідэнта Сірыі. Башар Асад перадаў дружалюбнаму беларускаму народу пажаданні стабільнасці, далейшага развіцця і росквіту, а таксама падкрэсліў важнасць памяці аб героях. 

"Гэтыя подзвігі абавязкова натхняюць усе народы, якія падвяргаюцца розным відам войнаў і ўмяшанняў звонку з мэтай адабраць волю і ўладарыць над краінай", - адзначыў сірыйскі лідар.

Віншаванні ў адрас Кіраўніка беларускай дзяржавы і народа са святам Вялікай Перамогі працягваюць паступаць.