У 26-й сталічнай школе працуе рэсурсны цэнтр працоўнага навучання

16 ноября 2018

Рэцэпты пышных пірагоў, сакрэты вышыўкі беларускага нацыянальнага арнаменту і выпілоўванне самалётаў. Гэтаму вучні 26-й сталічнай школы вучацца на ўроках працоўнага навучання. На базе ўстановы адукацыі працуе рэсурсны цэнтр працоўнага навучання. На сапраўдных кухнях дзеці гатуюць разнастайныя стравы, а юныя столяры і слесары ў майстэрнях са станкамі і неабходнымі інструментамі выпілоўваюць драўляныя шэдэўры. Падрабязней – сюжэт Наталлі Кезік.

Дзяўчаты па маркіроўцы распазнаюць гатунак, класіфікацыю і свежасць яек. А затым з гэтых прадуктаў маленькія повары замесяць цеста, засмажаць яечню альбо звараць суп. Заняткі па працоўным навучанні ў гэтых школьнікаў праходзяць на сапраўднай кухні.
А ў гэтым кабінеце сапраўды пахне дрэвам. Дзякуючы сучасным інструментам – вось такім станкам альбо электралобзікам - дзіцячыя ручкі могуць ствараць сапраўдныя цуды. Напрыклад, вось такі карабель альбо самалёт. 
Максім Запекін зараз працуе над падстаўкай для свайго тэлефона. Форму пяцікласнік выпілоўваў сам, засталося зачысціць драўляную канструкцыю і нанесці ўзор. 
Настаўнік Васіль Фурсевіч падчас сваіх урокаў пільна назірае за тым, што майструюць яго вучні. Дзеці працуюць з лобзікамі, напільнікамі і за сапраўднымі станкамі. І такія практычныя ўрокі працы даспадобы маленькім майстрам. 
Рэсурсны цэнтр у 26-й сталічнай школе складаецца з некалькіх майстэрняў: кулінарнай, швейнай, сталярнай і слясарнай. У кожнай з іх не толькі адпаведнае абсталяванне, але і працоўны матэрыял. Набор прадуктаў, драўніна і льняныя сурвэткі з ніткамі. 
На базе гэтага рэсурснага цэнтра сталічныя школьнікі рыхтуюцца і да рэспубліканскай алімпіяды па працоўным навучанні. Перападрыхтоўку і павышэнне кваліфікацыі на найноўшым абсталяванні тут праходзяць і сталічныя настаўнікі.