Ужо зусім хутка стане вядома імя новага воіна Садружнасці

12 августа 2014
У пятай асобнай брыгадзе спецпрызначэння працягваюцца сапраўды ўнікальныя спаборніцтвы. За званне ўніверсальнага абаронцы Радзімы змагаюцца вайскоўцы з Беларусі, Расіі, Арменіі і Казахстана. Учора байцы праходзілі паласу перашкод, а ўжо сёння высвятлялі, хто на прасторах СНД самы трапны і цягавіты.

Падрабязнасці ў Дзмітрыя Лукшы.
Праграма спаборніцтваў і без таго была насычаная, але камусьці здалося, што яе трэба ўзмацніць. Дасланы нябеснай канцылярыяй дождж трохі дадаў праблем канкурсантам, але ўжо відавочна не сыграў важную ролю. Вайскоўцы з прафесійнай вытрымкай прыступалі да першага этапу спаборніцтваў гэтага дня. Кодавая назва - Снайпер. Стралялі па мішэнях, з розных пазіцый. Натуральна, шанец на медалі давала пападанне ў дзясятку. Стрэл у малако мог каштаваць месца на п'едэстале.

Многія з гэтых прафесіяналаў ужо не першы раз змагаюцца за званне воіна Садружнасці. Раней конкурс праходзіў у Расіі. Сёлета каманды з чатырох краін прыняла Мар'іна Горка - асобная брыгада спецпрызначэння. Важна, што ў камандах сапраўды няма месца слабому звяну. Кожны з дэлегатаў праходзіў адборачны тур і, па сутнасці, ужо з'яўляецца лепшым з лепшых у сябе дома.


Найболей відовішчнай, небяспечнай і цяжкай часткай спаборніцтваў стала праходжанне спецыяльнай паласы перашкод. Зборка аўтамата на час тут была лёгкай размінкай. У поўнай амуніцыі вайскоўцы павінны былі прабрацца скрозь разбураны будынак, прайсці запоўнены газам лабірынт, кінуць у цэль гранату. І ўсё гэта - пад стрэлку секундамера.


Хто ж ён - універсальны воін Садружнасці, і ў войсках якой краіны ён праходзіць службу, стане вядома зусім хутка. 14 жніўня падвядуць вынікі конкурсу. Па сутнасці, відавочныя прэтэндэнты на ганаровае званне ўжо вызначыліся. Прыемна, што ў ліку фаварытаў і беларусы. Аднак не будзем спяшацца. Кожны з этапаў праграмы можа змяніць парадак турнірнай табліцы.