Ужо больш як 40 гадоў сям'я Цітовічаў развівае вёску Заброддзе

17 апреля 2018

Вось ужо больш як 40 гадоў сям'я Цітовічаў развівае вёску Заброддзе ў Мінскай вобласці. Яны пабудавалі капліцу на прэзідэнцкую прэмію "За духоўнае адраджэнне", адкрылі адразу некалькі музеяў і нават стварылі ўзорны лялечны тэатр. У глыбінку Барыс і Валянціна пераехалі з Мінска, у Заброддзі ў іх з'явіліся дзеці - і сёння ўжо яны на сваёй малой радзіме дапамагаюць бацькам. Анастасія Бенедзісюк працягне. 

40 гадоў таму ён - перспектыўны мастак, яна - амбіцыйны рэжысёр. Абодва - яркія прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі: без авантурных учынкаў нікуды! Так, у 1972-м, толькі скончыўшы Акадэмію мастацтваў, у пошуках музы Барыс і Валянціна вырашаць пераехаць у вёску. Пройдзе зусім трохі часу, і ўжо да сям'і Цітовічаў у глыбінку па натхненне выстраіцца чарга з сяброў-мастакоў, пісьменнікаў і балярын. Кожны з іх у Заброддзі высадзіць па дрэве.

Для жыцця сельскага і творчага Цітовічы выбралі ўнікальную вёску. Тут гісторыя літаральна ў кожным будынку. Вось лазня. Дзеючая. І зруб, і падмурак, што 200 гадоў таму, ды і падлога аўтэнтычная - ніжэйшая за ўзровень зямлі.

Вось дом - аднагодак лазні. Рамонт 1937 года: арыгінальныя столі, беленыя сцены, гліняная падлога. З так званага бруднага пакоя (тут трымалі курэй і бараноў) трапляем у гаспадарскія пакоі. Абавязкова чырвоны кут з абразамі, дзіцячая калыска і асобныя ложкі - для мужа і жонкі. Гэта ўсё па прадмеце доўгія гады збіралі Барыс і Валянціна. Некалі дом заможнай сям'і - сёння музей побыту. Сюды водзяць экскурсіі і тут здымаюць кіно.

Гэтыя лялькі - справа рук Валянціны Цітовіч. 40 гадоў таму ў Вілейскім раёне рэжысёр заснавала дзіцячы лялечны тэатр. Ён і сёння - культурны цэнтр акругі. А вось муж у Заброддзі захапіўся гісторыяй Першай сусветнай вайны: у лесе Барыс Цітовіч адшукаў пахаванні тых часоў і стварыў сапраўдны мемарыял. Зараз аднаўляе вагоны ваеннага цягніка.

Падчас Першай сусветнай вайны праз Заброддзе праходзіла лінія фронту. Вось там - за сотні метраў адгэтуль - размяшчаўся лазарэт. А на гэтым месцы, дзе зараз стаіць драўляная капліца, быў штаб дывізіі. Сёння гэта першы і адзіны музей Першай сусветнай у Беларусі. І так ужо склалася - таксама рук майстра Цітовіча.

Барысаглебскую капліцу мастак пабудаваў на атрыманую ў 2004-м прэзідэнцкую прэмію "За духоўнае адраджэнне". 4 тысячы турыстаў (і гэта толькі за сезон) прыязджаюць у Заброддзе. Сустракае ўсіх асабіста Барыс Цітовіч. Ён жа падрабязна распавядзе пра кожны экспанат. На гэты раз турыстам з Вялікабрытаніі.

У Заброддзі і гісторыя, і побыт, і культура. І крыху захаплення Цітовіча-малодшага. 80 рарытэтных аўто… Вось ужо дзе арт-аб'ект, які дзесяцігоддзямі ўзводзяць адразу два пакаленні.