УВКБ ААН дзякуе Беларусі за магчымасць перадачы гуманітарнай дапамогі бежанцам

2 сентября 2021
Сітуацыя на мяжы з мігрантамі па-ранейшаму няпростая і, бадай, не хутка вырашыцца. Пакуль нашы суседзі ігнаруюць заклікі міжнародных арганізацый выконваць нормы міжнароднага права, Беларусь не застаецца ўбаку. Агенцтва ААН па справах бежанцаў падзякавала беларусам за магчымасць перадаць гуманітарную дапамогу людзям, якія захраснулі на польскай мяжы. Сумесна з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа і пры падтрымцы Дзяржаўнага пагранічнага камітэта нашай краіны супрацоўнікі ўпраўлення Вярхоўнага камісара ААН па справах бежанцаў ужо другі раз за тыдзень наведалі ўчастак на беларуска-польскай мяжы ў Гродзенскай вобласці. Там больш як 3 тыдні знаходзіцца група з 32 выхадцаў з Афганістана, сярод якіх мужчыны, жанчыны і дзеці. 

Агенцтва ААН па справах бежанцаў пільна сочыць за сітуацыяй і знаходзіцца ў кантакце з адпаведнымі дзяржорганамі Беларусі. А вось з сумежнага польскага боку жалезная заслона. На ўлады Польшчы не дзейнічаюць ні заклікі ЕСПЧ, ні ААН. Напярэдадні да Варшавы звярнуўся і Дзяржаўны пагранкамітэт Беларусі. У Мінску лічаць, што польскі бок абавязаны прыняць усе неабходныя меры для вырашэння сітуацыі, дапусціць да бежанцаў міжнародныя праваабарончыя і гуманітарныя арганізацыі, а таксама разгледзець прашэнні аб падаванні статусу бежанца або прытулку. Урэшце, гэта ўстаноўлена еўрапейскім і міжнародным заканадаўствамі.