Пошук людзей у лясах Мінскай вобласці
Яўгенія Бабіцкая - заўзяты грыбнік. У лясах роднага Барысаўскага раёна заўсёды арыентавалася вельмі добра. Аднак падчас апошняга ціхага палявання ўсё пайшло не па плане. Жанчына не змагла знайсці дарогу дадому.
У той дзень Яўгенія Станіславаўна ў лесе правяла амаль 12 гадзін. Аб тым, што жанчына заблукала, у МНС паведамілі сваякі. Да пошукаў падключыліся адразу некалькі выратавальных атрадаў.
Пенсіянерку ў гушчары знайшлі байцы пошукавага атрада МНС Маладзечанскага раёна. Гэта падраздзяленне - адзінае ў вобласці. Ратавальнікі праходзяць асаблівы курс - іх рыхтуюць да працы ва ўмовах дзікай прыроды, а таксама вучаць карыстацца спецыяльнымі прыборамі.
Ратавальнікі дзеляць ўчастак пошуку на сектары - у кожны адпраўляюць групы па тры чалавекі. Байцы пастаянна застаюцца на сувязі са штабам і старанна абследуюць кожны квадрат лесу.
Каб знайсці чалавека ў лесе, патрэбна прыкладна двое сутак. Але калі першыя выратавальныя аперацыі не далі вынікаў - пошукі могуць працягвацца да некалькіх тыдняў.
Больш за 20 чалавек сёлета згубіліся у лясах Мінскай вобласці. Як правіла, у такія сітуацыі трапляюць людзі сталага ўзросту. Супрацоўнікі МНС нагадваюць аматарам ціхага палявання: перш чым пайсці ў лес - варта памятаць простыя правілы бяспекі. Абавязкова загадзя папярэдзіць пра месца свайго знаходжання і заўсёды мець пры сабе зараджаны мабільны тэлефон.













