Пайшоў з жыцця свяціла сусветнай навукі Жарэс Алфёраў

2 марта 2019

Сумная навіна прыйшла з Расіі. Пайшоў з жыцця свяціла сусветнай навукі, ураджэнец Беларусі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Жарэс Алфёраў. Яму было 88 гадоў. 

Фізік вядомы распрацоўкай паўправадніковых гетэраструктур, а таксама стварыў хуткія опта- і мікраэлектронныя кампаненты. Навуковец нарадзіўся ў Віцебску. Скончыў школу ў Мінску з залатым медалём, скончыў першы курс БНТУ (у мінулым політэхнічны інстытут). Яго ўнёсак у навуку называюць няйнакш як рэвалюцыйным. Алфёраў аўтар больш за пяці сотняў навуковых прац і 50 распрацовак. Яго даследаванні сталі асновай для развіцця Інтэрнэту і мабільнай сувязі. 

Нягледзячы на сваю занятасць, акадэмік любіў прыязджаць у Беларусь, быў ганаровым госцем на ўсіх значных дзяржаўных мерапрыемствах і ўрачыстасцях.

Заснаваў Фонд падтрымкі адукацыі і навукі, у заснаванне якога ўклаў траціну атрыманай ім Нобелеўскай прэміі. Сярод удзельнікаў фонду былі і беларускія школьнікі. 

На сустрэчы з Прэзідэнтам Беларусі ў чэрвені 2012 года (якая прайшла ў вельмі цёплай і дружалюбнай атмасферы) Аляксандр Лукашэнка дзякаваў навукоўцу за паслядоўную пазіцыю і падтрымку краіны на сусветнай арэне. 

І заўсёды на ўсіх сустрэчах ён цёпла гаварыў пра родны край, даваў высокую ацэнку роднай краіне і беларускай навуцы. 

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванне родным і блізкім вядомага акадэміка. 

"З пачуццём глыбокага смутку Беларусь успрыняла вестку аб смерці Жарэса Іванавіча Алфёрава. Пайшоў з жыцця вялікі сын беларускай зямлі, выбітны навуковец нашай эпохі, нобелеўскі лаўрэат, вядомы грамадскі дзеяч. Увасабляючы сабою высокія ідэалы дабра і справядлівасці, Жарэс Іванавіч заслужыў высокае прызнанне землякоў і сусветнай грамадскасці. У Беларусі яго любілі па-сапраўднаму, і ён з асаблівай любоўю заўсёды ставіўся да сваёй Радзімы. Мы назаўжды запомнім яго як сапраўднага патрыёта, чалавека з шырокай душой і вялікім сэрцам. Уласцівыя Жарэсу Іванавічу шырыня поглядаў і інтарэсаў, незвычайная працавітасць і актыўная жыццёвая пазіцыя сталі годным прыкладам для суайчыннікаў. Светлая памяць пра Жарэса Іванавіча назаўжды захаваецца ў нашых сэрцах". 

Жарэс Алфёраў з'яўляўся ганаровым грамадзянінам Мінска і Віцебска, замежным членам Акадэміі навук Беларусі і ганаровым доктарам навук Белдзяржуніверсітэта. Узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны.