Пайшоў з жыцця Мікалай Іванавіч Дземянцей

11 июля 2018

Беларусь успамінае чалавека, жыццё якога было прысвечанае краіне і непарыўна звязанае з нашай агульнай гісторыяй.

Мікалай Іванавіч Дземянцей. Менавіта пад яго старшынствам у ліпені 90-га Вярхоўны Савет прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларусі. Пазней палітык увайшоў у першы склад Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу. Нягледзячы на высокія пасады і званні ўсё жыццё Мікалай Іванавіч быў і да канца заставаўся тым, пра каго можна і трэба гаварыць . Звычайны. Сапраўдны. Шчыры беларус.

Яго дзяцінства прыпала на вогненныя ваенныя гады. І, як гавораць тыя, хто ведаў яго, магчыма, менавіта таму Мікалай Дземянцей, не адмаўляючыся ад уласных поглядаў, імкнуўся дасягнуць пазітыўнага выніку ў любой спрэчцы, а бакі любога канфлікту - прывесці да прымірэння. Надзелены ўладай, з трапяткім стаўленнем да абавязкаў, заняты на адказнай адміністрацыйнай пасадзе, Мікалай Іванавіч шчыра любіў бываць па-за кабінетамі - на прыродзе. Любіў і ўмеў працаваць уласнымі рукамі на сваёй зямлі. Пры гэтым ён нідзе не дазваляў сабе забыць звычайных клопатаў іншых людзей. Ніколі ні да каго не быў абыякавым. Мікалай Дземянцей шукаў і знаходзіў чалавечы, паважлівы падыход нават да найболей заўзятых сваіх палітычных апанентаў. А яго асаблівая народная манера весці дыялог абяззбройвала і вабіла.

Спачуванні родным і блізкім Мікалая Іванавіча Дземянцея выказаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. "Пайшоў з жыцця бачны дзяржаўны дзеяч, сапраўдны патрыёт, адданы роднай Беларусі. Мікалай Іванавіч Дземянцей прайшоў годны працоўны шлях ад простага працаўніка сяла да буйнога палітычнага дзеяча. Паказаў сябе як сумленны і прынцыповы кіраўнік, вопытны гаспадарнік, сапраўдны лідар, здольны аб'ядноўваць людзей і весці за сабою да мэты. Светлая памяць і бясконцая падзяка яму за прыклад самаадданага служэння Бацькаўшчыне", - гаворыцца ў спачуванні.

Развітанне з Мікалаем Дземянцеем адбудзецца заўтра, 12 чэрвеня, з 10:30 да 13:00 у Мінскім доме афіцэраў.