Пайшоў з жыцця легендарны дыктар беларускага радыё і тэлебачання Ілья Львовіч Курган

21 Жніўня 2019

Пад яго "Гаворыць Мінск!" наша краіна прачыналася больш як 40 гадоў. Сёння ўначы на 94-ым годзе пайшоў з жыцця легендарны дыктар беларускага радыё і тэлебачання, заслужаны артыст Беларусі  Ілья Львовіч Курган. 

Пасля заканчэння тэатральна-мастацкага інстытута (цяпер Акадэміі мастацтваў), дзе ён вучыўся ў знакамітых рэжысёраў Міровіча і Арлова, у 1949 годзе сярод амаль 100 кандыдатаў прайшоў па конкурсе і быў прыняты дыктарам Беларускага радыё. З тых часоў, дзякуючы яго запамінальнаму голасу і віртуознаму майстэрству чытальніка, у залатым фондзе засталіся легендарныя радыёпастаноўкі "Паляўнічае шчасце" Самуйлёнка, "Прымакі" Купалы, "Пан Тадэвуш" Міцкевіча і многія іншыя творы. Доўгі час працаваў літаратурным кансультантам у вядучых тэатрах краіны, быў прафесарам кафедры сцэнічнай мовы ў сваёй альма-матэр і Мінскім універсітэце культуры і мастацтваў.

У сувязі з гэтай трагічнай навінай у праграме  тэлеканала "Беларусь 3" будуць змены. Сёння - 21 жніўня - глядзіце ў 22:25 праект "Камертон", прысвечаны дыктару Ілью Кургану.