Пайшоў з жыцця лаўрэат Нобелеўскай прэміі Жарэс Алфёраў

2 марта 2019

Сумная навіна прыйшла з Расіі. Пайшоў з жыцця свяціла сусветнай навукі, ураджэнец Беларусі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Жарэс Алфёраў. Яму было 88 гадоў. Пра сумную навіну піша інфармагенцтва "РІА Навіны" са спасылкай на жонку акадэміка Тамару. 

Фізік вядомы распрацоўкай паўправадніковых гетэраструктур, а таксама стварыў хуткія опта- і мікраэлектронныя кампаненты. Навуковец нарадзіўся ў Віцебску. Яго ўнёсак у навуку называюць няйнакш як рэвалюцыйным. Алфёраў аўтар больш як пяці сотняў навуковых прац і 50 распрацовак. Яго даследаванні сталі асновай для развіцця Інтэрнэту і мабільнай сувязі. 

Акадэмік з'яўляўся ганаровым грамадзянінам Мінска і Віцебска, замежным членам Акадэміі навук Беларусі і ганаровым доктарам навук Белдзяржуніверсітэта. Жарэс Алфёраў быў узнагароджаны ордэнам Францыска Скарыны. Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка выказаў спачуванне родным і блізкім вядомага навукоўца.