Наступствы каранавіруса сталі прычынай смерці выбітнага акцёра і рэжысёра Уладзіміра Мяньшова

5 июля 2021

Ён пайшоў з жыцця сёння на 82-м годзе. Народны артыст РСФСР быў шпіталізаваны ў клініку з каранавірусам напрыканцы чэрвеня. Уладзімір Мяньшоў зняў дзясяткі фільмаў, але дагэтуль у першую чаргу ўспамінаюць яго "Каханне і галубы" і "Масква слязам не верыць". Дарэчы, у гэтай карціне рэжысёр зняўся ў эпізодзе (мужчына ў паліто і капелюшы на пікніку), але ў цітры сябе Мяньшоў не ўпісаў.

Ён не раз бываў у Беларусі. У 2017 годзе на кінафестывалі "Лістапад" рэжысёр стаў уладальнікам спецпрэміі Прэзідэнта Беларусі "За захаванне і развіццё традыцый духоўнасці ў кінамастацтве".

Развітанне з Уладзімірам Мяньшовым адбудзецца 8 ліпеня ў Вялікай зале Цэнтральнага дома кінематаграфістаў. Ён будзе пахаваны на Новадзявочых могілках у Маскве. Спачуванні родным і блізкім народнага артыста Расіі выказаў Прэзідэнт Беларусі. Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што Уладзімір Мяньшоў упісаў незабыўную старонку ў гісторыю савецкага і расійскага мастацтва. Светлая памяць аб гэтым выдатным чалавеку заўсёды будзе жыць у нашых сэрцах. У памяць аб народным артысце тэлеканал "Беларусь 3" мяняе сетку вяшчання. У 18:00 пакажуць мастацкі фільм "Перахоп".