Пайшоў з жыцця вядомы палітычны дзеяч Мікалай Лазавік

5 ноября 2016

Сёння прыйшла сумная навіна - пасля працяглай хваробы пайшоў з жыцця вядомы палітычны дзеяч Мікалай Лазавік. На працягу шаснаццаці гадоў ён быў сакратаром Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. Сёлета ў кастрычніку ён пакінуў сваю пасаду - быў вызвалены ўказам Кіраўніка дзяржавы па стане здароўя. Мікалай Іванавіч быў родам з Вілейскага раёна, скончыў Беларускі інстытут механізавання сельскай гаспадаркі, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт, Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце, меў навуковую ступень кандыдата эканамічных навук. Быў дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 13-га склікання. На яго рахунку 19 палітычных кампаній, 4 з якіх - прэзідэнцкія выбары. За сваё жыццё ён даў незлічоную колькасць інтэрв'ю, прафесійна і адкрыта каменціруючы выбарчы працэс, стаяў ля вытокаў рэфармавання выбарчай сістэмы. Напэўна, не знойдзецца такога журналіста, які, асвятляючы выбары, не пагутарыў з Мікалаем Іванавічам, ён заўсёды ішоў на кантакт і быў адкрыты не толькі ў сваіх палітычных поглядах і адносінах да таго, што адбываецца, але і пра асабістыя старонкі біяграфіі. Уся краіна ведала пра яго захапленні рыбалкай, дачай, напісаннем вершаў, частку з якіх ён штогод прысвячаў кіраўніку ЦВК Лідзіі Міхайлаўне Ярмошынай у дні яе нараджэння. Мікалай Іванавіч быў частым героем нашых праектаў. Калектыў Агенцтва тэленавін выказвае спачуванне родным і блізкім Мікалая Іванавіча.