Ураджай новага сезона прапаноўваюць сельгаскірмашы

30 сентября 2017

Дзве самыя буйныя пляцоўкі ў Мінску - ля Палаца спорту і "Чыжоўка-Арэны". Тут самы вялікі асартымент прадукцыі і самыя лепшыя скідкі. Пераважна сваю прадукцыю сёння прывезлі сельгазарганізацыі і фермеры Гомельскай вобласці. Хаця пры жаданні можна знайсці пінскія агуркі і нават столінскія баклажаны.

Антаніна Станкевіч ведае, якая прадукцыя разыходзіцца лепш за ўсё.

Нават раніцай пляцоўка ля сталічнага Палаца спорту і не думае спаць - з дзевяці гадзін раніцы тут прадаюць, купляюць, узважваюць, гандлююцца. Увогуле, адбываецца тое, што і павінна адбывацца на кірмашах. Выбар прадукцыі вялізны: тут і памідоры, і агуркі, і нават экзатычныя, здавалася б, баклажаны або перцы чылі. Усё з беларускіх палёў, дарэчы.

Пляцоўка ля "Чыжоўкі-Арэны". Менавіта яна сёння лічыцца асноўнай - сустракае пакупнікоў невялікім заторам на ўездзе ў зону паркоўкі і вялізным асартыментам прадукцыі. Аграрыі Гомельскай вобласці (менавіта яны сёння задаюць тон і тэмп шопінгу) пастараліся: здаецца, тут ёсць усё. І здаецца, у прадаўцоў з'явіліся пастаянныя пакупнікі.

Купляюць і мяса, і малочную прадукцыю, і свежую рыбу, і вэнджаніну. Але галоўная задача ў пакупнікоў – усё-такі набыць сезонную гародніну ў запас, бо зараз самыя выгадныя цэны.

Для ветэранаў, інвалідаў і пажылых людзей бясплатная дастаўка. І абсалютна для ўсіх наведвальнікаў канцэрт і забаўная праграма. Усё-такі традыцыйна кірмаш - гэта яшчэ і свята.

Распрадажы па выгодных цэнах пройдуць у Мінску і заўтра. Пакупнікоў чакаюць на гэтых жа пляцоўках з 9:00 да 16:00. Акрамя таго, арганізаваны продаж і ў мікрараёнах, так што зрабіць выгадныя пакупкі можна, не ад'язджаючы далёка ад дома. Усяго такіх пляцовак 11. Сезон кірмашоў прадоўжыцца да лістапада.