Урокі бяспекі і правілы паводзін у экстрэмальнай сітуацыі - на тэматычнай выставе на Кургане Славы

19 мая 2023

На Кургане Славы - лепшыя дасягненні і традыцыі Мінскай вобласці. Стартаваў трэці сезон выстаў выхаднога дня. Актыўныя і карысныя мерапрыемствы для ўсёй сям'і: урокі бяспекі, правілы аказання меддапамогі, спартыўныя гульні, віктарыны, майстар-класы, інтэрактыўныя пляцоўкі. Што ў афішы на заўтра, ведае Ганна Загародняя.

Тэматычныя выставы выхаднога дня на Кургане Славы

Актыўным і пазнавальным выхадным для ўсёй сям'і дадзены старт. Кожную суботу і нядзелю месца сустрэчы - Курган Славы. Ад выстаў-дэманстрацый прадукцыі прадпрыемстваў з розных куткоў цэнтральнага рэгіёна да майстар-класаў для дзяцей і дарослых, інтэрактыўных пляцовак і канцэртных выступленняў.

Кожная выстава тэматычная і прэзентуе асобныя раёны цэнтральнага рэгіёна. Гісторыя, культурныя традыцыі, народныя рамёствы, самабытная творчасць землякоў.

На інтэрактыўных пляцоўках для дзяцей - урокі бяспекі, правілы паводзін у экстрэмальнай сітуацыі. Для дарослых - парады спецыялістаў па аказанні першай меддапамогі. Такія веды могуць дапамагчы выратаваць жыццё.

Гісторыя не са старонак кніг, а ўласнымі вачыма.  Аматарскае аб'яднанне "Спадчына", якое існуе з 2010 года, знаёміць наведвальнікаў з партызанскім лагерам, медсанчасцю ваенных часоў, франтавымі песнямі. Побач працуе мабільны музей, сярод экспанатаў  якога  600 ордэнаў і медалёў.

Ужо заўтра ля Кургана Славы новая праграма з дэгустацыяй прадукцыі прадпрыемстваў Мінскага і Клецкага раёнаў, а таксама Жодзіна. Відовішчную праграму рыхтуюць ратавальнікі і кінолагі вобласці, а дэманстрацыю рэтрамашын прапануе Дзяржаўтаінспекцыя.