Урна з прахам Марыі Магдалены Радзівіл пакінула Чырвоны касцёл

14 февраля 2018

Урна з прахам Марыі Магдалены Радзівіл пакінула Чырвоны касцёл, дзе некалькі дзён таму была выстаўлена для публічнага пакланення. Наша здымачная група зрабіла эксклюзіўныя кадры. Даставіў сямейную рэліквію Радзівілаў у Беларусь намеснік старшыні Асацыяцыі беларусаў Швейцарыі Аляксандр Сапега, які ўласнаручна перавёз яе на Залатую горку, у касцёл Святой Тройцы ў Мінску. Менавіта ў гэтым месцы прах прадстаўніцы шляхетнага роду будзе пахаваны ў гэтую суботу. Цырымонія збярэ ў касцёл Святога Роха высокае прадстаўніцтва, у тым ліку нашчадкаў Радзівілаў. У пятніцу вечарам, напярэдадні пахавання, урна будзе выстаўлена для ўсеагульнага развітання ў касцёле Святой Тройцы.

Марыя Магдалена Радзівіл вядомая як мецэнат і грамадскі дзеяч. Яна падтрымлівала беларускія школы і выхад у свет беларускамоўных выданняў.