Універсальны разумны лічыльнік распрацавалі беларускія навукоўцы

23 ноября 2015

Прыбор здольны збіраць паказанні электраэнергіі, газу, цяпла і вады і аўтаматычна адпраўляць даныя камунальным службам. Эксперымент паспяхова прайшоў у Віцебску. Пра сістэму з інтэлектам раскажа Дзіяна Рэвякова.

Вось гэта стандартны звычайны шчыток. Да яго дадаткова падлучаныя інтэлектуальныя кантролеры электраэнергіі, усталяваныя ў асобны шчыток.

У кожнай кватэры гэтай новабудоўлі ўсталяваныя інтэлектуальныя прыстаўкі да звычайных электралічыльнікаў. Назва дадатковых прыбораў гаворыць сама за сябе: яны абсталяваныя інтэлектуальным начыннем - спецыяльным праграмным забеспячэннем, здольным вырашаць цэлы шэраг бытавых праблем.

Аляксандр Прасолаў, намначальніка тэхнічнага ўпраўлення Віцебскага завода электравымяральных прыбораў: "Абарона ад кароткага замыкання, абарона ад перавышэння токаўцечак па ізаляцыі, парушэнне ізаляцыі. Такія функцыі, як абарона ад перавышэння напружання і абарона ад паніжэння напружання ў сферы дапушчальных меж".

Акрамя таго, прыбор можа вызначыць нават нелегальнага спажыўца электраэнергіі і аўтаматычна яго адключыць. Але і гэта яшчэ не ўсе плюсы.

Аляксандр Міхалевіч, акадэмік НАН Беларусі: "Тут жа выводзяцца паказанні ў залежнасці ад часу спажывання. Калі, напрыклад, вы пераходзіце на двухтарыфную сістэму, а ў перспектыве на шматтарыфную сістэму, то прыбор фіксуе, у які час якую колькасць электраэнергіі вы выкарысталі і па якім тарыфе вы павінны плаціць. Вы можаце самі прагназаваць".

Пакуль у тэставым рэжыме даныя з прыставак аўтаматычна трапляюць на камп'ютары распрацоўшчыкаў. У выпадку калі гэты пілотны праект зарэкамендуе сябе, паказанні дыстанцыйна будуць адлюстроўвацца ўжо на экранах працаўнікоў камунальных службаў.

Аднак інтэлектуальныя прыстаўкі - гэта толькі папярэднікі разумнага ўніверсальнага лічыльніка. Калі навукоўцы атрымаюць дзяржпадтрымку, гэтыя прыборы ўсталююць у кватэры кожнага беларуса.

У планах беларускіх навукоўцаў пайсці далей і стварыць універсальны інтэлектуальны лічыльнік. Ён будзе збіраць і перадаваць паказанні не толькі электраэнергіі, але таксама выдаткавання газу, цяпла і вады. Праект навінкі ўжо гатовы.

Больш за тое, зараз нашы навукоўцы працуюць ужо над стварэннем цэлай разумнай сістэмы, якая звяжа напроста вытворцу энергіі і яе спажыўца. Цалкам укараніць такую сістэму з інтэлектам плануюць у Беларусі праз 20 гадоў.