Унікальны рэсурс па вывучэнні матэматыкі распрацавалі ў БДУ

23 Сакавіка 2019

З дапамогай платформы  можна не толькі "падцягнуць" тэорыю, але і праверыць уласныя веды пры дапамозе тэстаў. Сайт ужо карыстаецца папулярнасцю не толькі ў нашай краіне, але і ў Расіі, Украіне, Ізраілі, Казахстане і нават ЗША. Свой IT-трэнажор - толькі ўжо па фізіцы - прапанавалі і ў ліцэі БДУ.

Аб новых метадах падрыхтоўкі да ўступных выпрабаванняў - больш падрабязна Святлана Чарнова. У гэтай аўдыторыі асновы дакладнай навукі студэнты асвойваюць не па падручніках, а з дапамогай інтэрнэт-рэсурсу. Платформу па вывучэнні матэматыкі выкладчык БДУ Ірына Сіроціна разам са студэнтамі распрацоўвала і ўдасканальвала на працягу 5 гадоў. Зараз гэты праект прэтэндуе на званне альтэрнатыўнага памочніка і падчас падрыхтоўкі да ўступных выпрабаванняў.

Але ўжо ў поўным рэжыме працуюць два асноўныя раздзелы: інтэрактыўны даведнік - гэта тэорыя за курс базавай школы і асновы вышэйшай матэматыкі - і самае каштоўнае для абітурыентаў - кантроль ведаў у форме тэстаў абсалютна па любых тэмах. Для таго каб даведацца правільны адказ на пытанне, не абавязкова праходзіць увесь тэст да канца: дастаткова выбраць адзін з прапанаваных варыянтаў і тут жа клікнуць укладку "Рашэнне". Або ўзяць падказку націскам на "Актуалізацыю ведаў". Дарэчы, працаваць з анлайн-рэпетытарам можна абсалютна бясплатна. Больш за тое, распрацоўшчыкі - яны ж студэнты БДУ - абяцаюць хутка перавесці рэсурс на англійскую і беларускую мовы. З'явіцца і мабільны дадатак.

І яшчэ адзін трэнажор, але ўжо па фізіцы, і таксама з акцэнтам на сучасныя тэхналогіі, распрацавалі ў ліцэі БДУ. Пад адной вокладкай друкаванага зборніка стваральнікі сабралі заданні па прадмеце за ўсю 15-гадовую гісторыю тэсціравання! Старонкі з пытаннямі і на кожнай - адказы, праўда, у зашыфраваным выглядзе. Каб даведацца рашэнне, дастаткова смартфонам сканіраваць QR-код.

Тым не менш, пазіцыю самага папулярнага спосабу кантролю ўласных ведаў па-ранейшаму займае рэпетыцыйнае тэсціраванне. Рэспубліканскі інстытут кантролю ведаў увёў сістэму анлайн-рэгістрацыі пакуль у тэставым рэжыме. Ацаніць новыя функцыі могуць толькі тыя школьнікі, хто збіраецца праверыць веды ў РІКВ, у ліцэі БДУ і ва ўстановах адукацыі Гомельскай вобласці. А вось з новага навучальнага года такія опцыі з'явяцца ва ўсіх пунктах здачы РТ краіны.

Ігар Варакса, намеснік дырэктара па навучальнай працы ліцэя БДУ: "Самае галоўнае - пасля напісання тэсту яны бачаць статус сваёй працы, што яна знаходзіцца ў апрацоўцы. Потым яны там жа ў асабістым кабінеце могуць убачыць свой вынік, і там жа, у асабістым кабінеце, яны могуць убачыць разбор сваёй працы, гэта значыць - кансультацыю атрымаць па выніках тэсціравання".

І ўжо рыхтавацца да найважнейшага іспыту - цэнтралізаванага тэсціравання. Першае выпрабаванне - па беларускай мове - абітурыенты напішуць 11 чэрвеня. А з 2 мая адкрыецца рэгістрацыя.

Сертыфікаты з запаветнымі вынікамі ЦТ абітурыенты атрымаюць на рукі пасля 10 ліпеня ў пунктах напісання тэстаў. А гэта значыць, што чарговая прыступка на шляху да студэнцкага жыцця пройдзеная!