Унікальны памятны аб'ект з'явіўся ў Мінску

30 июня 2018

Урочышча Благаўшчына (некалі расстрэльная тэрыторыя таемнай паліцыі) зараз стала цэнтрам сапраўды міжнацыянальнай гісторыі і болю. Месца смутку для родных больш як 200 тысяч ахвяр нацызму. Трагедыю былога лагера смерці Трасцянец літаральна паднялі з попелу і аднавілі ў сусветнай памяці. На адкрыццё другой чаргі мемарыяла ў памяць аб чацвёртым па велічыні лагеры смерці ў Еўропе сабраліся тысячы людзей, у тым ліку высокапастаўленыя госці з Аўстрыі, Германіі, Ізраіля, Польшчы, Чэхіі.

Пра тое, як захоўваюць памяць аб вайне ў імя мірнай сучаснасці і будучыні, рэпартаж Іны Пілевіч. Для яе гэта не пратакольнае мерапрыемства і зусім не рабочая паездка ў Беларусь. Экс-першую лэдзі Аўстрыі ў Мінск прывяла асабістая трагедыя, яе сямейны доўг. Тут, у некалі канцэнтрацыйным лагеры Трасцянец, у ваенныя 40-я апынуліся родныя Маргіт Фішэр. Яе бабуля разам з сястрой былі дастаўленыя сюды нацыстамі, каб развітацца з жыццём.

У Трасцянцы нацысты спальвалі і расстрэльвалі мірных жыхароў не толькі Беларусі, але і Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Чэхіі. За калючым дротам карнікі ўключалі музыку, каб не былі чутныя стоны шматлікіх ахвяр. Зверствы 70-гадовай даўнасці маглі быць забытыя. Бо гітлераўцы, адыходзячы, дбайна замялі сляды сваіх злачынстваў - раскапалі магілы і спалілі целы ахвяр. І калі ў Беларусі аб'ект даследавалі і захоўвалі гістарычную праўду, то ў Заходняй Еўропе пра страшную расправу на нашых землях загаварылі толькі ў апошнія 15 гадоў.

Беларусь першай з саюзных рэспублік прыняла на сябе масіраваны ўдар фашысцкіх захопнікаў, стаўшы арэнай самых буйных бітваў. Наша краіна з асаблівым трапятаннем шануе памяць тых, хто бязвінна загінуў у гады вайны. Па ініцыятыве Кіраўніка дзяржавы на тэрыторыі былога канцлагера Трасцянец было вырашана стварыць аб'ект міжнацыянальнага смутку. Тры гады таму на палітай крывёй і слёзамі зямлі была адкрыта першая чарга праекта - мемарыял "Брама памяці". Фігуры змардаваных вязняў пераплятаюцца з калючым дротам і створкамі агароджы ў знак немагчымасці вырвацца з палону.

Зараз чарга аднаўляць у сусветнай памяці падзеі, якія адбыліся ў Благаўшчыне. Гэта ўрочышча канцэнтрацыйнага лагера, дзе людзі гінулі ад куль. На гэтым месцы было выяўлена 34 ямы-магілы. Некаторыя да 50 метраў даўжынёй. Доўгі час аб жахлівых падзеях на гэтай тэрыторыі нагадваў толькі памятны камень. Зараз тут грандыёзны мемарыял.

800 метраў смутку. Апошні шлях ахвяр нацызму зараз можа вымераць крокамі кожны наведвальнік Благаўшчыны. Дарога пачынаецца з гэтай залы памяці пад назвай "Вагон". Ён сімвалізуе эшалоны, у якіх сюды дастаўлялі тысячы ахвяр. Гэта прыпынак стаў апошнім у біяграфіі больш як 150 тысяч чалавек.

Усяго ў Трасцянцы былі пазбаўлены жыцця каля 200 тысяч. Больш ахвяр толькі ў Асвенціме, Траблінцы і Майданеку. Падзяліць агульны боль на мітынг-рэквіем у гонар адкрыцця Благаўшчыны сабраліся тысячы людзей. Разам з намі смуткуюць аб ахвярах Трасцянца грамадзяне шматлікіх дзяржаў. На памятным мерапрыемстве побач з беларускім лідарам яго калегі - прэзідэнт Германіі, дзеючы і былы кіраўнікі Аўстрыі.

Не дапусціць адраджэння страшнага мінулага. Такі пасыл беларускага лідара. Аляксандр Лукашэнка чарговы раз прапанаваў пачаць глабальны міжнародны дыялог краін, каб не паўтараць памылак мінулага, гарантаваць мір і бяспеку на кантыненце. Бо, як паказвае трагічны вопыт, нельга ігнараваць зло, якое існуе нават на стадыі ідэі. З часам яно можа трансфармавацца ў глабальную пагрозу.

Аляксандр Лукашэнка заклікаў падтрымаць ініцыятыву стварэння электроннай кнігі памяці ахвяр Трасцянца. Бо імёны большасці пацярпелых дагэтуль невядомыя. Трагедыя гэтага канцлагера занадта доўга заставалася белай плямай у памяці Заходняй Еўропы. Падчас выступленняў на мітынгу-рэквіеме Кіраўнік беларускай дзяржавы аб’явіў хвіліну маўчання.

Пасля цырыманіялу людзі не спяшаліся разыходзіцца. Учытваліся ў імёны ахвяр, неслі кветкі да манумента, размаўлялі. Кожнаму хацелася падзяліцца сваёй асабістай трагедыяй. Бо, мабыць, няма такой сям'і ў Беларусі, якую не закранула б Вялікая Айчынная. У канцлагерах, на фронце і ў партызанскім руху, не дачакаўшыся перамогі, загінуў кожны трэці жыхар нашай краіны.

Кропка ў справе Трасцянца не пастаўлена, мемарыялізацыя былога канцлагера працягваецца. Паэтапна, згодна з зацверджаным праектам, на тэрыторыі плошчай 43 гектары будуць з'яўляцца новыя скульптурныя кампазіцыі. На месцы гібелі ахвяр нацызму вырасце плошча Парадоксу. Дамы і дрэвы, якія стаяць уверх дном, стануць сімваламі перавернутых з ног на галаву каштоўнасцяў грамадства XX стагоддзя, калі чалавек забіваў чалавека. Такія аб'екты даюць сучаснікам урок гісторыі, каб памяталі кожную асабістую трагедыю ў імя агульнага мірнага заўтра.