Унікальны экзэмпляр! Дакладная копія красовера "Джылі Атлас" з канструктара

31 июля 2018

Тры тыдні працы і больш за 145 000 дэталяў! У Кобрыне на фабрыцы цацак каманда з пяці чалавек сваімі рукамі сабрала з канструктара дакладную копію красовера "Джылі Атлас". Амбіцыйны праект паспелі ацаніць жыхары розных гарадоў, бо цацачная мадэль прызначаная для выстаў. Памеры такога аўто цалкам адпавядаюць аналагу. Праўда, адзіны экзэмпляр не прадаецца! Вікторыя Патоня - пра сакрэты вырабу ўнікальнага кара.

Гэты чырвоны аўтамабіль, мабыць, толькі на словах - цацка. Вага - амаль дзве тоны! Ён самастойна не паедзе, тут няма рухавіка і месцаў для пасажыраў. Таму што мадэль гэтая сабраная з канструктара.

Памеры, кошт і вага дакладнай копіі "Джылі Атлас" амаль цалкам адпавядаюць арыгіналу. На стварэнне мадэлі пайшло звыш 145 000 дэталяў, збіралі яе не паводле чарцяжоў і эскізаў, а візуальна. У зборачным цэху побач стаяў сапраўдны красовер.

Для эксклюзіўнай машыны на кобрынскай фабрыцы цацак тысячы дэталяў выпусцілі пад заказ. Збіралі копію недарожніка толькі ўручную. Вопытныя і творчыя спецыялісты з задачай зладзіліся. Гэта стала праверкай і іх уласных магчымасцяў. Каманда ўжо даказала, што можа ствараць з канструктара герояў мультфільмаў і цэлыя цацачныя гарады. Але гэты праект, прызнаюцца, самы амбіцыйны.

Ідэю сабраць копію красовера з канструктара прапанавалі арганізатары міжнароднага аўтафэста ў Гродне. Менавіта там і адбыўся дэбютны паказ цацачнай мадэлі. На зборку пайшло 160 гадзін. Некаторыя дэталі злучаныя клеем - для надзейнасці. Гэта адзіная хітрасць разборнага аўто.

Ацаніць унікальную копію ўжо змаглі жыхары двух абласных цэнтраў. Мадэль недарожніка ў чырвоным зараз цешыць наведвальнікаў дылерскага аўтацэнтра ў Брэсце.

Эксклюзіўная мадэль не прадаецца. Але з яе дапамогай, спадзяюцца ўдзельнікі праекта, продажы "Джылі" вырастуць. Цацачная мадэль у Брэсце затрымаецца ненадоўга: графік экспазіцый унікальнага кара распісаны на паўгода наперад.