Унікальныя марскія артэфакты ў мабільным музеі акіянаграфіі

9 января 2018

Выйсці на сувязь з беларускімі палярнікамі ў рэжыме рэальнага часу і самастойна кіраваць робатам-падводнікам. Мабільны музей акіянаграфіі вандруе па сталіцы. Вялікая экспазіцыя размясцілася ў 12-мятровым прычэпе, які выглядае як падводная лодка. Унутры некалькі соцень экспанатаў - ад мадэляў субмарын розных часоў і архіўных фотаздымкаў да жывых насельнікаў водных глыбінь. Аляксандра Кавеліч убачыла ўнікальныя марскія артэфакты.

Гэтая экскурсія пачынаецца яшчэ звонку. Яркая імправізаваная падводная лодка на самай справе мабільны музей. У 12-мятровым прычэпе размясцілася ўнікальная калекцыя марскіх экспанатаў. Ад мадэляў падводных лодак і вадалазных касцюмаў да жыхароў водных глыбінь.

Кожны артэфакт - а усяго іх некалькі соцень - мае сваю марскую гісторыю. Тут жа і інтэрактыўная лабараторыя.

На гэтым борце можна на час ператварыцца ў капітана падводнай лодкі і, як на сапраўднай субмарыне, убачыць акіян з дапамогай вось такога перыскопа. Жывую карцінку марскіх глыбінь ствараюць акуляры віртуальнай рэальнасці.

Мабільны музей атрымаў прыстаўку ІТ. Біёлагі-аматары могуць таксама пазнаёміцца з робатам-акіянографам, стварыць свой метэапрагноз і нават самастойна кіраваць віртуальнай падводнай лодкай або дронам.

Для школьнікаў у музеі праводзяць пазнавальныя заняткі - вывучаюць асновы 3D-фатаграфіі, марскія экасістэмы і мікраарганізмы.

У хуткім часе мабільная лабараторыя пачне падарожжа па краіне. Падводная лодка-музей часова прышвартуецца ў Буда-Кашалёве, Баранавічах, Мёрах і Барысаве.