Унікальная тэхналогія ўзвядзення экадамоў з ільну распрацавана брэсцкімі навукоўцамі

19 сентября 2016

Брэсцкія навукоўцы распрацавалі ўнікальную тэхналогію ўзвядзення экадамоў з ільну, больш дакладна, з прымяненнем кастрыцы, гэта частка сцябла. Спецыялісты ўдасканалілі стары спосаб будаваць мазанкі, дадаўшы актыўныя мінеральныя кампаненты. Над ноу-хау працавалі каля пяці гадоў.

Вікторыя Патоня зазірнула ў лабараторыю і пацікавілася перспектывай узвядзення такіх дамоў. Кастрыца лёну, вапна, вада і актыўныя мінеральныя дабаўкі. Перш чым атрымаць патрэбны рэцэпт, камандзе брэсцкіх навукоўцаў спатрэбіліся гады. Прычым у аснове распрацоўкі - экалагічнасць на ўсіх этапах вытворчасці: ад стварэння да ўтылізацыі. Даследчыкі змяшалі адыходы лёну з вапнай, а не з цэментам. Гэты матэрыял больш чысты, выдзяляе менш вуглякіслага газу. Ноу-хау  ў тым, што навукоўцы першымі ў свеце выкарысталі мінеральны напаўняльнік на аснове шкла, які дазваляе субстрату цвярдзець хутчэй, без уздзеяння тэрмічнай апрацоўкі. У натуральных умовах на гэта ідуць месяцы і нават гады.

Аляксандр Пікула, старшы выкладчык кафедры Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта: "Кастрыца лёну - гэта валакністы напаўняльнік, які паляпшае трываласць пры расцяжэнні, выгінанні, ударную клейкасць паляпшае. Па характарыстыках нават у шэрагу выпадкаў лепшы, чым газаселікаты".

Навукоўцы зараз працуюць над удасканаленнем тэхнічных характарыстык ільняных блокаў. Гавораць, валакністы кампазіт можна лёгка зрабіць па-за цэхам. А за аснову ўзялі дзедаўскі спосаб будаўніцтва дамоў з саломы, чароту і гліны.

Дзмітрый Макарук, начальнік навукова-даследчай часткі Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта: "Шмат варыянтаў было зроблена: як уцяпляльныя, так і сценавыя варыянты, якія дазваляюць на месцы ўзводзіць 1-2-павярховыя дамы для сем'яў. Мы атрымліваем сапраўды экалагічны матэрыял, які, па-першае, вызваляе запасы адходаў. Па-другое, мы забяспечваем элемент каларыту, якога ў Беларусі не так і шмат".

Аналагічныя распрацоўкі вядуцца ва ўсім свеце. Самыя папулярныя пакуль дамы з саломы. Першы будынак з ільну нядаўна ўзвялі ў Польшчы.

Штогод толькі ў Брэсцкай вобласці перапрацоўваецца каля 20 тысяч тон трасты. Палову з гэтай колькасці складаюць адходы. Паводле падлікаў спецыялістаў, каб узвесці аднапавярховы тыпавы дом, неабходна каля 10 тон кастрыцы лёну. Атрымліваецца, што за год можна пабудаваць каля тысячы экадамоў.

Распрацоўкай навукоўцаў зацікавіліся і на льнозаводах, але гатовыя супрацоўнічаць толькі пасля таго, як убачаць канчатковы прадукт, г.з. рэальны дом з адходаў ільну. А пакуль кастрыцу ўтылізуюць па-ранейшаму: спальваюць у кацельнях або прадаюць на подсціл жывёле.

Спецыялісты ўпэўненыя, што такія тэхналогіі не для масавага будаўніцтва і з'яўляюцца альтэрнатывай. У планах навукоўцаў яшчэ адзін амбіцыйны эксперымент - узвесці лабараторыю з раслінных адходаў, каб дакладна праверыць экадом на трываласць.