Унікальная знаходка. Нацельны крыж скандынаўскага тыпу знойдзены ў Полацку

27 марта 2020

Амаль адну тысячу артэфактаў паднялі археолагі ў Полацку

Рэдкі нацельны крыж скандынаўскага тыпу знойдзены ў Полацку на тэрыторыі Верхняга замка. Пасля папярэдняга вывучэння, археолагі аднеслі знаходку да Х стагоддзя. Аналагічны, датаваны 960 годам нашай эры, быў выяўлены на востраве Готланд у Швецыі. Зараз на тэрыторыі Верхняга замка ў Полацку ідуць маштабныя будаўнічыя працы. У старым бальнічным гарадку  будзе кадэцкае вучылішча. Будаўнічыя працы кантралююць археолагі. Са снежня з зямлі паднялі парадку тысячы артэфактаў. Большая частка - фрагменты керамікі. Так, у рукі навукоўцаў трапілі фрагменты глінянай амфары. Такія  ў ХІІ-ХІІІ стагоддзях выкарыстоўвалі   ў якасці тары для дастаўкі віна і аліўкавага алею з Візантыі. Прадмет статусны, які пацвярджае той факт, што ў Полацку жылі вельмі багатыя людзі. 

Культурны пласт Верхняга замка ў Полацку дасягае 6 метраў 

Ігар Магалінскі, дацэнт кафедры сацыяльных камунікацый Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта: "На Верхнім замку Полацка захаваўся адзін з самых магутных культурных пластоў, пэўна, не толькі ў Беларусі. Ва ўсходняй частцы замка культурны пласт дасягае як мінімум шасці метраў. Унікальны ён тым, што захоўвае драўніну і любыя арганічныя знаходкі".

Найбольшую каштоўнасць уяўляюць так званыя індывідуальныя знаходкі: вырабы з каляровага металу, прадметы культу, актавыя пячаткі. Іх з тэрыторыі Верхняга замка сабралі ўжо амаль сотню.