Унікальны млын у Камянецкім раёне знаходзіцца на грані разбурэння

25 ноября 2015

Яго пабудавалі яшчэ ў XIX стагоддзі без адзінага цвіка. Будынак прайшоў праз дзве сусветныя вайны і добрасумленна служыў жыхарам вёсак. Ці змогуць захаваць двухсотгадовы артэфакт, разбіралася Вікторыя Патоня.

Гэтага млына няма ў спісе гісторыка-культурнай спадчыны, хоць аб'ект унікальны - адзіны ў Брэсцкай вобласці казловы вятрак. Яго пабудавалі па старажытнай тэхналогіі без адзінага цвіка. Млын мог круціцца ва ўсе бакі ў залежнасці ад кірунку ветру.

Замест даху - дзюра, сцены прадзіравіліся. Але ўнутры млын нядрэнна захаваўся. Ацалеў асноўны механізм. Здзіўляюць памеры гэтага арыгінальнага кола дыяметрам 6 метраў.

Уражвае і тармазная прылада. Па такой аналогіі сёння працуюць сучасныя аўтамабілі. Незвычайнай канструкцыяй зацікавіўся малады навуковец Павел Каняеў. З дапамогай фотаапарата і камп'ютарнай праграмы ён захоўвае згубленыя помнікі архітэктуры ў трохмерным фармаце. Але гэты млын, гаворыць спецыяліст, яшчэ можна выратаваць.

Павел Каняеў, старшы выкладчык кафедры Брэсцкага дзяржаўнага тэхнічнага ўніверсітэта: "У яго ўсе гэтыя драўляныя элементы разбіраюцца. Сабраныя яны з драўляных нагеляў, як цвікі, толькі гіганцкія. Некаторыя элементы разбураныя, але ёсць сама форма, ёсць памер. Можна зняць абмеры і зрабіць па аналагу новы элемент. Яго можна перабраць і цалкам аднавіць".

Дубовы вятрак - прыватная ўласнасць, якая перадавалася як спадчына ў сям'і Рахляў. На ўчастак яго перавезлі ў сярэдзіне XIX стагоддзя. Гэтая сямейная рэліквія вытрывала дзве сусветныя вайны, але ў мірны час стала не патрэбна нашчадкам. Яны не раз спрабавалі разбурыць будынак. Мясцовыя жыхары ўспамінаюць: млын быў карміцелькай для ўсіх у акрузе.

Уладальнікі ўчастку гаварыць з нашай здымачнай групай на камеру адмовіліся, але ў прыватнай гутарцы прызналіся: гатовыя хутчэй прадаць млын, чым пусціць на дровы. Будынак з кожным годам трухлее і становіцца небяспечным. Каб дапамагчы старому млыну здабыць новае жыццё, падлучыліся і мясцовыя ўлады.

Ірына Рэзнічук, метадыст па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Камянецкага райвыканкама: "Для таго каб гэты аб'ект захаваўся і тыя элементы, якія яшчэ знаходзяцца ў здавальняючым стане, магчыма, знойдуцца людзі зацікаўленыя, якім неабыякавы лёс гэтага аб'екта. Будзем дапамагаць у рашэнні гэтага пытання".

Каб дапамагчы знайсці патэнцыяльных інвестараў, Павел Каняеў ужо распрацоўвае віртуальную экскурсію па эксклюзіўным млыне для наведвальнікаў свайго сайта. Магчыма, сярод іх апынецца і той, хто падоўжыць жыццё ўжо 200-гадоваму архітэктурнаму артэфакту.