Удзельнікі сумеснай экспедыцыі - вучоныя, дайверы і аматары пазадарожных аўтамабіляў - дасталі з дна Нёмана самы вялікі ў Беларусі старажытны човен. Яму некалькі соцень гадоў. Зараз над гістарычным артэфактам працуюць вучоныя. Праводзіцца шэраг даследаванняў. Пасля лодку перададуць у адзін з музеяў краіны. За ўнікальнай аперацыяй назіраў Юрый Карняловіч.
Першым старажытны човен на дне ракі заўважыў жыхар вёскі Мікалаева Алег Волікаў. Ён часта вудзіць рыбу на гэтым участку Нёмана. Прызнаецца, і ўявіць не мог, што затопленае бервяно акажацца сапраўдным артэфактам. Разам з рыбакамі мужчына паспрабаваў самастойна дастаць лодку. Пасля некалькіх няўдалых спроб, звярнуліся па дапамогу да археолагаў.
У аперацыі па пад’ёме старажытнага чоўна было задзейнічана некалькі дзесяткаў чалавек. Супрацоўнікі Інстытута гісторыі, сталічныя дайверы і ўдзельнікі аўтаклуба “4Х4” на працягу некалькіх дзён абследавалі знаходку. Лодка хоць і знаходзілася на невялікай глыбіні, аднак амаль поўнасцю была занесена глеем. Ды і цячэнне на гэтым участку Нёмана аказалася дастаткова хуткім. На месца даставілі аўтамабільны кран, а каб не пашкодзіць артэфакт, прыдумалі спецыяльную металічную канструкцыю.
Толькі выцягнуўшы знаходку на бераг, археолагі змаглі ацаніць сапраўдную каштоўнасць артэфакта. Аказалася, што ў рукі вучоных трапіў старажытны човен, выдзеўбаны з цэльнага бервяна. Яго даўжыня больш за 8 метраў, а такія вялікія экзэмпляры на тэрыторыі Беларусі не вырабляюць ужо больш за 200 гадоў.
Старажытны човен будзе дастаўлены ў Інстытут гісторыі Акадэміі навук. Спецыялісты правядуць шэраг даследаванняў, якія дапамогуць вызначыць дакладны ўзрост артэфакта і драўніну, з якой ён зроблены.
Удзельнікі навуковай экспедыцыі працягнуць сваю працу на берагах Нёмана. Мясцовыя жыхары паабяцалі паказаць яшчэ некалькі заток, дзе магчыма затоплены падобныя чаўны. Не выключана, што ў найбліжэйшы час рэдкія знаходкі папоўняць калекцыю артэфактаў.
Ды і самі берагі Нёмана, сцвярджаюць спецыялісты, захоўваюць шмат археалагічных сюрпрызаў. Ёсць дакладнае пацверджанне таму, што на гэтым месцы людзі сяліліся яшчэ ў каменным веку.
Археалагічная экспедыцыя ў Іўеўскім раёне будзе працаваць на працягу некалькіх тыдняў. Шукаць гістарычныя артэфакты вучоныя плануюць да першых маразоў. Аднак ужо сёння зразумела, што і ўвесь наступны пошукавы сезон археолагі правядуць на гэтых берагах Нёмана.













